Дэлегацыя Лунінецкага раёна пабывала ў горадзе Палеску Калінінградскай вобласці
Дэлегацыя Лунінецкага раёна, якую ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Павел Вабішчэвіч, пабывала ў горадзе Палеску Калінінградскай вобласці. Пацікавіліся, як прайшла паездка?
– Акрамя мяне, у госці да пабрацімаў адправіліся таксама дырэктар водаканала Віталь Гаўрыловіч і старшыня праўлення райспажыўтаварыства Мікалай Леанавец, – расказаў Павел Іванавіч. – Дарэчы, у той дзень у Палеск прыехалі прадстаўнікі яшчэ аднаго беларускага горада – Ваўкавыска. Усіх нас сустрэлі цёпла. У добразычлівай атмасферы прайшла сустрэча з кіраўніком муніцыпальнай акругі Канстанцінам Пяровым.
Паміж Палескам і Лунінцам наладжаны добрыя партнёрскія сувязі. Ведаю, што цесна супрацоўнічаюць ра-сійскія калегі з работнікамі цэнтралізаванай раённай бібліятэкі. Пэўныя дамоўленасці ёсць у сферы адукацыі. У планах – развіццё праграмы па аздараўленні дзетвары. Дарэчы, расійскі горад імкнецца паказаць сябе папулярным курортам, дзе ў бліжэйшай перспектыве паявіцца новы санаторый. Акрамя таго, вялі перагаворы аб прыездзе палескіх спартсменаў у наш райцэнтр для правядзення трэніровачных збораў.
Хочацца верыць, што абавязкова знойдзем найбольш аптымальнае рашэнне ў лагістыцы па пастаўках рыбы з Балтыйскага мора ў магазіны райспажыўтаварыства Лунінеччыны. Сама вытворчасць размешчана непасрэдна ў Калінінградзе, але ў Палеску ёсць адзін з філіялаў. Пытанне супрацоўніцтва ў галіне гандлю пакуль застаецца адкрытым.
Трэба дадаць, што дэлегацыя горада-пабраціма плануе наведаць наш край у верасні гэтага года.
Запісала Наталля Грудзько.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram