Галіна Каховіч: Чарнобыль у жаночым лёсе (Лунінецкі раён)
Вясна 1986 года даўно стала гісторыяй. На першы погляд яна нічым не адрознівалася ад тых, што наступалі раней ці пазней. Бо бяда, якая тады абрынулася на чалавецтва, была нябачнай: здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, ад якой пацярпела і Лунінеччына. Агульнымі намаганнямі атрымалася зменшыць шкоду ад радыяцыйнага забруджвання, але давалася гэта нялёгка.
Сярод нас жывуць людзі, якія прымалі ўдзел у работах па ліквідацыі наступстваў тэхнагеннай катастрофы ў межах зоны эвакуацыі. І знаходзіліся там не толькі мужчыны. Былі і адважныя прадстаўніцы прыгожага полу. Адна з іх – лунінчанка Галіна КАХОВІЧ.
Яна вырасла ў маляўнічай вёсцы Ракітна. З маленства марыла дапамагаць слабым, спачувала ўсім, хто хварэў. Таму ніхто не здзівіўся, калі дзяўчына паступіла ў медыцынскае вучылішча ў Брэсце. Пасля заканчэння працавала ў хірургічным аддзяленні абласной бальніцы.
– Вестку пра аварыю ў Чарнобылі ўспрыняла з горыччу, шкадавала людзей, якія апынуліся ў эпіцэнтры ўзрыву, – успамінае Галіна Аляксандраўна. – Тады мне было 20 год. Узрост, калі ўсё навокал здаецца светлым і прыгожым. А тут – роспач, розныя чуткі, невядомасць. Як медык, разумела, наколькі радыяцыя шкодная для здароўя, але ў дрэннае не верылася.
Галіна – ваеннаабавязаная, у пачатку 1987-га атрымала павестку з ваенкамата. Там растлумачылі, што яе разам з некалькімі калегамі накіроўваюць папрацаваць у ваенным шпіталі ў зоне адсялення. Для жанчын з’яўляўся нормай тэрмін у 2 месяцы, для мужчын – паўгода. Згадзілася без роздумаў. Ці страшна было? Тады – не. Штурхаў камсамольскі запал, энтузіязм, памкненне быць карыснай іншым. Родным не гаварыла куды едзе, каб не хваляваліся.
– У мяне бацька інвалід, але аб гэтым не сказала. Было сорамна прыкрывацца яго хваробай, – расказвае суразмоўніца. – Адвезлі нас аўтобусам у Хойніцкі раён у вёску Рудакова. Гэта менш як 20 кіламетраў ад Чарнобыля. Часовы шпіталь стаяў якраз на мяжы паміж адселенымі сядзібамі і абжытымі. Побач – будынкі інтэрната і сталовай. Сярод мясцовых жыхароў – старэнькія бабулькі, якія наадрэз адмовіліся пераязджаць у чыстую зону. Лячыліся ў нас вайскоўцы і прызваныя на зборы. Хто з запаленнем лёгкіх, апендыцытам, многа людзей паступала з траўмамі рук ці ног. Атмасфера напружаная, усе адчувалі, што знаходзяцца пад рызыкай. Дазіметры “зашкальвалі”, але ў голас не скардзіўся ніхто. Самаахвярнасць і мужнасць здзіўлялі.
– Маладосць брала сваё, мы не “хандрылі”. Ды і выхаваныя ўсе былі ў духу патрыятызму, на подзвігах бацькоў і дзедаў, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну. Праз два месяцы мы вярнуліся да прывычных абавязкаў. Знаёмыя сустракалі насцярожана, многія баяліся падыходзіць блізка, каб не набрацца радыяцыі. Гэта выклікала непрыемныя адчуванні. Увогуле, праведзены там перыяд пакінуў моцны адбітак у сэрцы. Стала сур’ёзней адносіцца да жыцця, даражыць тым, што ёсць.
Неўзабаве наша зямлячка вярнулася на Лунінеччыну, дзе яе чакаў аднавясковец Васіль. Ён таксама мае дачыненне да Чарнобыльскай катастрофы. У 1986-87 гадах працаваў у рачным порце “Мікашэвічы”, цеплаходам часта дастаўлялі ў «зону» шчэбень і пясок.
Маладыя згулялі вяселле, пабудавалі дом у Лунінцы. Цяпер Васіль Іванавіч працуе вадзіцелем. Выгадавалі двух сыноў: Ігар прысвяціў сябе чыгунцы – слесар у дэпо, Максім – вайсковец, служыць на Міншчыне. Галіна Аляксандраўна мае 30 год бесперапыннага стажу медыцынскай сястры рэанімацыйнага аддзялення Лунінецкай ЦРБ. Была магчымасць выйсці датэрмінова на заслужаны адпачынак, але яна адмовілася. Па-ранейшаму для жанчыны важна быць карыснай людзям, дапамагаць ім у крытычныя моманты…
Марыя ЯРАХОВІЧ
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram