Галоўнае багацце сям'і Таццяны і Уладзіміра Пракопчыкаў з Лунінца
Гэты тыдзень пачаўся з прыемнай урачыстасці, як мы і паведамлялі, лунінчанка Таццяна Пракопчык атрымала ордэн Маці.
Мерапрыемства праходзіла ў райвыканкаме. Уручаючы ўзнагароду жанчыне, кіраўнік раёна Аляксандр Са-віна пажадаў Таццяне Леанідаўне і яе вялікай сям’і міру, шчасця, моцнага здароўя і цудоўнага настрою. Цёплыя словы адрасаваў віноўніцы ўрачыстасці і кіраўнік дэпутацкага корпуса Уладзімір Кавалевіч. Як і належыць галаве сям’і, муж Уладзімір Паўлавіч знаходзіўся побач, каб падтрымаць спадарожніцу жыцця ў важны для яе момант.
Зараз сям’я Пракопчык пражывае ў райцэнтры. А пачыналася іх агульная біяграфія ў Хойніках Гомельскай вобласці, дзе ўпершыню сустрэліся мясцовая дзяўчына і хлопец з Лунінца. Пра наш край Таццяна толькі крышачку ведала з расказаў сяброўкі, ураджэнкі Мікашэвіч. І ніколі не думала, што некалі незнаёмыя краявіды стануць месцам, дзе яна пабудуе сваё шчасце.
Пасля вяселля маладыя пераехалі на радзіму мужа. Таццяне тут спадабалася, яе цёпла прынялі родныя і знаёмыя, паступова знайшла новых сяброў. Да першага дэкрэтнага водпуску год выкладала англійскую мову ў Лунінскай СШ. Пасля нараджэння дзетак прафесійнае ўдасканаленне даводзіцца ад-кладваць на потым, бо клопатаў з малышамі вельмі шмат.
Бацькі гатовы бясконца расказваць пра сваё галоўнае багацце. Ксенія – шасцікласніца гімназіі г. Лунінца імя М.П. Анцукевіча, добра спраўляецца з асноўнай праграмай і ў вольны час асвойвае скрыпку. Павел – на год маладзейшы, захапляецца матэматыкай і ігрой на фартэпіяна. У трэцім класе вучыцца Навум, дадаткова займаецца на балалайцы і гітары. Асноўны мамін памочнік на кухні – 4-гадовы Ян, калі належыць падрыхтаваць стравы з цеста, спраўляецца не горш за дарослых. Любіць прыцягваць да сябе ўвагу брацікаў і сястрычкі маленькі Ілья, які ў сакавіку адзначыць другі дзень нараджэння.
Уладзімір – кіраўнік фермерскай гаспадаркі. Часу і ўвагі такая дзейнасць забірае нямала, але ён з усіх сіл імкнецца дапамагаць жонцы з клопатамі пра малышоў. Рашэнне стаць мнагадзетнымі было агульным, таму і цяжкасці яны пераадольваюць разам. Лічаць, што менавіта цеплыня пачуццяў і ўзаемная павага да спадарожніка жыцця з’яўляюцца асновай таго, каб узяць на сябе смеласць і адказнасць за нараджэнне і выхаванне пяцярых. Неабходна таксама, каб заўсёды паміж татам і мамай былі давер, шчырасць, разуменне і агульнасць інтарэсаў.
– Усе святы мы праводзім разам, гаспадарчыя клопаты таксама выконваем адной камандай, – расказвае Таццяна з радаснай іскрынкай у вачах і цёплай усмешкай на вуснах. – Дзецям важна бачыць добры прыклад адносін паміж дарослымі, каб яны ведалі, якой павінна быць дружная сям’я і ў будучым самі імкнуліся да такога. Не скажу, што ўсё проста, але калі бачыш пяць пар родных вачанят, то ўсе перашкоды знікаюць самі па сабе.
На Лунінеччыне 258 жанчын узнагароджаны ордэнам Маці. Гэты факт з’яўляецца сведчаннем таго, што ў нас ёсць многа вялікіх і моцных сем’яў, у якіх бацькі з любоўю і адданасцю выхоўваюць ці выхавалі сваіх сыноў і дачушак. Зычым ім усяго самага найлепшага. І няхай колькасць уладальніц высокай узнагароды большае, і такія ўрачыстасці ў нашым раёне здараюцца як мага часцей.
Марыя ЯРАХОВІЧ.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram