Ганна Сасукевіч: «І ў аддаленым аграгарадку, можна знайсці ўсё неабходнае для нармальнага жыцця, стварыць жаданую ўтульнасць…» (Лунінецкі раён)
МикашевичиНовости районаОбществоАгропром

Ганна Сасукевіч: «І ў аддаленым аграгарадку, можна знайсці ўсё неабходнае для нармальнага жыцця, стварыць жаданую ўтульнасць…» (Лунінецкі раён)

Многія выпускнікі пасля заканчэння вясковай школы імкнуцца назаўсёды пакінуць родныя мясціны. Іх перапаўняе жаданне змяніць надакучлівую размеранасць і цішыню на гарадскі шум, дзе больш магчымасцей для працаўладкавання і разнастайнага адпачынку, дзе прыцягваюць увагу яркія вітрыны гандлёвых цэнтраў і кафэ. Але ёсць і тыя, хто даражыць сціплай прыгажосцю малой радзімы і хоча любавацца ёй пастаянна.  Менавіта такой бачыць сваю будучыню жыхарка Вялікіх Чучавіч Ганна САСУКЕВІЧ. Разам з мужам Уладзімірам і маленькім сынам Ягорам яны будуюць сямейнае шчасце на зямлі продкаў. І гэтым асаблівым прыкладам пераконваюць равеснікаў, што і тут, у аддаленым аграгарадку, можна знайсці ўсё неабходнае для нармальнага жыцця, стварыць жаданую ўтульнасць. Галоўнае, што гэта памкненне абаюднае, супадае з планамі “другой палавінкі”.

Уладзімір таксама мясцовы, вырас у Малых Чучавічах. Маладыя людзі стварылі сям’ю сем год таму. Да гэтага яшчэ пяць – сябравалі і правяралі свае пачуцці на трываласць. Быў перыяд, калі яны жылі ў гарадах, што стала добрым параўнаннем, дапамагло вызначыцца з канчатковым выбарам.

Пасля кожнага прыезду да родных ім не хацелася пакідаць блізкі сэрцу куточак, ахопліваў лёгкі сум. Аднойчы, стаміўшыся ад бясконцай мітусні, рашэнне прыйшло само па сабе. Яны параіліся, і… часова пасяліліся ў Ганніных бацькоў.

Актыўна заняліся рэстаўрацыяй пустуючага бабулінага дома, які паступова набывае больш сучасны і дагледжаны выгляд. Па будаўніцтву Уладзімір многае робіць самастойна, што дапамагае значна эканоміць сродкі. Ствараючы камфорт для любімай сям’і, атрымліваецца нават у самы нязначны працэс укладваць часцінку душы. І хаця наперадзе яшчэ шмат клопатаў і матэрыяльных укладанняў, сям’я не адчайваецца, верыць, што ўсё запланаванае здзейсніцца. Завяршаючай рыскай добраўпарадкавання павінен стаць малады сад, які будзе радаваць гаспадароў добрым ураджаем.

– Знаёмыя часта пытаюць, чаму мы вырашылі вярнуцца ў гэты аддалены куток, дзе да бліжэйшага горада адлегласць складае прыкладна паўсотні кіламетраў, няма чыгункі і прыроднага газу, – усміхаецца суразмоўніца. – Але ж тут ёсць зусім іншыя перавагі: колькі грыбоў і ягад можна сабраць, штодзённа назіраць за зменлівай прыгажосцю навакольнай прыроды. Прыемна выехаць на пікнік ці проста пахадзіць па лясных сцяжынках.

Муж і жонка выраслі ў вялікіх сем’ях. Але калі ў Ганны ёсць толькі два браты, то Уладзімір – малодшы з дзевяці дзяцей. Выхоўваліся на прыкладах з жыцця блізкіх, абое з разуменнем ставяцца да праблем іншых, умеюць суперажываць.  Менавіта жаданне дапамагаць людзям вызначыла выбар прафесіі маладой жанчыны – яна стала медыцынскай сястрой. Некалькі год працавала ў медустановах Ляхавіч, потым знаходзілася ў водпуску па догляду за дзіцём. Абаснаваўшыся на малой радзіме, вырашыла паспрабаваць сябе ў іншай галіне – уладкавалася ў КСУП “Чучавічы” спецыялістам па ідэалагічнай рабоце. Дзякуючы падтрымцы калектыву хутка асвоілася з новымі абавязкамі.

– Дзейнасць у сельскай гаспадарцы мне добра знаёма, – расказвае Ганна. – Мама была аператарам машыннага даення, таму ў дзяцінстве часта бывала на ферме. Калі яе назначылі брыгадзірам вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі, з цікавасцю ўнікала ў розныя падлікі. І цяпер, бывае, раімся па некаторых пытаннях, бо працуем у адной арганізацыі.

Маленькі Ягор ахутаны пяшчотай не толькі бацькоў, але і шматлікіх родзічаў, якія жывуць непадалёк. Для малога ў вёсцы раздолле – зімой можна ляпіць снегавікоў, у цёплы перыяд года ўдосталь капацца ў пясочніцы, ездзіць па вуліцах на самакаце ці маленькім веласіпедзе.

– Шкада, што ў нашай глыбінцы застаецца ўсё менш моладзі, – уздыхае Ганна. – Гэта вельмі трывожыць. Што будзе праз 10, 20 год? Горкім прыкладам служаць суседнія Лугі, Баравікі і Кормуж, дзе зараз няма дашкалят. Застаецца спадзявацца, што прыярытэты зменяцца, пройдзе мода на жыццё ў шумных мегаполісах і людзі пацягнуцца бліжэй да прыроды.

З прыходам вясны ажывае ўсё навокал. Пасвятлела і на вуліцах Вялікіх Чучавіч. Сонца ўсё даўжэй затрымліваецца над небасхілам, з зямлі прабіваюцца маладыя парасткі раслін. Пад уздзеяннем цяпла ярчэй раскрываецца прыгажосць вясковых краявідаў, якая прыцягвае і заварожвае, не адпускаючы адданых землякоў выяз-джаць з радзімай глыбінкі.

Марыя ЯРАХОВІЧ.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть