Канікулы і выпускныя вечары ў Лунінецкім раёне. Дзеці павінны быць пад наглядам!
З надыходам лета школьнікі закончылі вучобу, У 9- і 11-класнікаў выпускныя вечары сёння, 10 чэрвеня. Актуальна будзе нагадаць аб небяспецы, якая чакае дзяцей, калі дарослыя ўпускаюць іх з поля зроку.
Як вядома, доўгі час мамы і таты былі заспакоены тым, што сыны і дочкі больш як палову дня знаходзіліся пад наглядам педагогаў, трэнераў, выхавальнікаў. Цяпер жа маюць шмат вольнага часу, і вельмі важна яго запоўніць карыснымі заняткамі. Інакш праблем не пазбегнуць.
– Адчуўшы свабоду, хлопчыкі і дзяўчынкі іншы раз забываюць пра сваю бяспеку, – зазначыў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Вадзім Каржаневіч. – У кампаніі равеснікаў пры наведванні вадаёмаў, лясоў, на дарогах не памятаюць аб захаванні элементарных правілаў паводзін. Усё гэта можа прывесці да атрымання траўмаў рознай ступені цяжкасці. А за пакіданне непаўналетніх у небяспецы бацькоў чакае крымінальная адказнасць ад арышту да абмежавання волі да 2 год. Знаходжанне падлеткаў з 23.00 да 6.00 па-за домам без суправаджэння дарослых таксама караецца па законе.
Юнакі і дзяўчаты, якіх не прыцягнулі да якіх-небудзь карысных мерапрыемстваў, прадастаўлены самі сабе. Часам некаторыя ўчыняюць злачынствы і правапарушэнні. Самыя распаўсюджаныя – распіццё алкагольных, слабаалкагольных напіткаў і піва, крадзяжы. З ужываннем спіртнога, дарэчы, часта звязана і купанне ў забароненых месцах. Гэта таксама можа закончыцца траўматызмам ці, не дай Божа, непапраўнай трагедыяй. А яшчэ неабходна выконваць меры па захаванню сваёй маёмасці, у прыватнасці, на пляжах, пляцоўках для адпачынку або спорту.
Варта памятаць пра адказнасць за супрацьпраўныя дзеянні. Крымінальная, як вядома, надыходзіць з 16 год, але ёсць сітуацыі, калі фігурантамі адміністрацыйных разбіральніцтваў становяцца 14-гадовыя падлеткі. Напрыклад, сумныя наступствы прынясе знойдзеная банкаўская картка, з дапамогай якой падлеткі паспрабуюць зрабіць пакупкі ў магазінах. Зрэшты, любы прыкры ўчынак можа прынесці праблемы як непаўналетнім, так і іх законным прадстаўнікам.
Асобна звярнуся да 9- і 11-класнікаў. У вас выпускны вечар. Не азмрочвайце яго бяздумнымі ўчынкамі! Памятайце, што пераступіць рысу закона лёгка, але недарэчнасць можа абярнуцца сур’ёзнымі наступствамі, якія перакрэсляць будучыню.