Лунінчане ўдзельнічалі ў ваенным парадзе
МикашевичиНовости районаОбществоПрисягаМолодежь

Лунінчане ўдзельнічалі ў ваенным парадзе

Лунінчанам Раману ХАХУЛАВУ і Дзянісу КРЫВЕЛЮ сёлета пашчасціла прымаць удзел у ваенным парадзе, прысвечаным 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Першы – рухаўся на БТРы, другі – маршыраваў у калоне. 

Ваеннаслужачыя 38-ай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Венскай Чырванасцяжнай брыгады г. Брэста, прыехаўшы на малую радзіму ў водпуск, зазірнулі ў рэдакцыю “ЛН”, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі.

Па іх словах, доўгія месяцы падрыхтоўкі, падчас якой кожны рух адточваўся да аўтаматызму, увянчаліся поспехам: цяпер на вайсковай форме, акрамя знакаў адрознення, паявіўся яшчэ адзін – “Удзельніку парада”. Таксама юнакам уручылі Падзякі ад Міністра абароны Рэспублікі Беларусь.

– Літаральна ў кожнай беларускай сям’і вайна пакінула свой след і страты, – сцвяр-джае Раман. – Важна захаваць нацыю і перадаваць памяць будучым пакаленням. Ганаруся тым, што да такога мера-прыемства, як святочны парад, маю непасрэднае дачыненне.

– Прайсціся каля стэлы “Мінск – горад-герой” 9 Мая, улічваючы юбілей Вялікай Перамогі, – пачэсна і адначасова адказна, – дабавіў Дзяніс. – Мерапрыемства надало ўпэўненасці, што беларусы ідуць правільным шляхам. Гэта наша гісторыя, якую ніколі не забыць!

Пяць год таму юнакі атрымалі атэстаты сталасці: Раман вучыўся ў СШ №1, Дзяніс – у СШ №4. Пасля выпуску павезлі дакументы ў суседні Пінск, дзе першы выбраў спецыяльнасць тэхніка-будаўніка ў аграрна-тэхнічным каледжы імя Кляшчова, а другі – тэхніка-механіка ў аграрным тэхналагічным. Названыя ўстановы прафтэхадукацыі размяшчаліся непадалёк, што і паспрыяла цеснаму сяброўству. Да службы Раман паспеў па-працаваць у розных будаўнічых арганізацыях Лунінца, Ганцавіч і Пінска. Дзянісу павестку ўручылі хутка пасля дыплома – адтэрміноўка закончылася.

Рашэнне служыць у сілах спецыяльных аперацый абодва юнакі прынялі для сябе свядома. У іх сем’ях мужчыны ў свой час выканалі воінскі абавязак, што заўсёды выклікала гонар і павагу. Таму і яны не маглі паступіць інакш. Сёння зямлякі з усмешкай успамінаюць пачатак таго перыяду ў жыцці. А больш як год таму сапраўды было няпроста: прывыкнуць да новай абстаноўкі, хутка ўвайсці ў адладжаны рытм ваенных будняў. Тым больш, што трапіць у дэсантнікі шчасціць далёка не кожнаму прызыўніку. Юнакі павінны валодаць практычна ідэальным здароўем, выдатнымі маральна-дзелавымі якасцямі і бездакорнай фізічнай падрыхтоўкай. У Печах падчас вучобы яны асвоілі шматлікія навыкі, і сёння выконваюць абавязкі: Раман – вадзіцеля БТР-80, Дзяніс – камандзіра аддзялення, носяць званні адпаведна яфрэйтара і сяржанта.

Будучым абаронцам Айчыны раяць загадзя рыхтавацца: па магчымасці развіваць маральна-псіхалагічную ўстойлівасць, трэніраваць фізічную загартоўку, вучыцца праяўляць ініцыятыву. А, трапіўшы ў рады ваеннаслужачых, выконваць самае галоўнае – воінскую дысцыпліну. Усё гэта ў спалучэнні з дапамогай добрых камандзіраў і падтрымкай верных таварышаў паўплывае на тое, каб ад арміі засталіся самыя лепшыя ўспаміны.

Па вяртанні ў вайсковую часць яфрэйтара Хахулава і сяржанта Крывеля чакаюць скачкі з парашутам. Пачуюць яны і віншаванні з Днём паветрана-дэсантных войскаў, які ў нашай краіне адзначаецца 2 жніўня. А ўжо восенню лунінчане звольняцца ў запас. У планах – атрымаць вышэйшую адукацыю. Зрэшты, куды б далей лёс ні закінуў юнакоў, няхай ім спадарожнічае поспех!

Наталля Паўлюкевіч

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram




Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть