Лунінчанін прадаў машыну са змененым ідэнтыфікацыйным нумарам. У выніку крымінальная справа і штраф
Крымінальная справа разгледжана суддзёй Лунінецкага раёна Святланай Братанавай на выязным пасяджэнні, якое на мінулым тыдні прайшло на базе аўтапарка №10. Галоўным фігурантам стаў 38-гадовы аўтааматар, які прадаў машыну са змененым ідэнтыфікацыйным нумарам.
Ні для каго не сакрэт, што пакупка патрыманага транспартнага сродку, як правіла, спалучана са шматлікімі рызыкамі. Напрыклад, нельга выключаць магчымасць набыць укра-дзены аўтамабіль з пера-бітымі нумарамі. А яшчэ ўнікальны VIN могуць замяніць пры рамонце розных частак кузава. Праблема выяўляецца падчас праходжання тэхагляду ці пры пастаноўцы на ўлік у МРЭА. Хаця, як паказвае практыка, многія прадаўцы і пакупнікі завяршаюць здзелку, проста перадаючы адзін аднаму грошы. І ніхто не афармляе ніякіх дакументаў. Падобная абыякавасць іншы раз прыводзіць да непрыемных сюрпрызаў: штрафаў для былога ўладальніка ці, як у гэтай гісторыі, узбуджэння крымінальнай справы.
Адказваючы на пытанні дзяржаўнага абвінаваўцы, у ролі якога выступіла старшы памочнік пракурора Ганна Пенер, мужчына патлумачыў, што набыў аўтамабіль каля 4 год таму на Гомельшчыне. Ездзіў на ім па даверанасці. Калі тэрмін дзеяння дакумента закончыўся, вырашыў перааформіць. Якраз тут і ўзніклі праблемы. Пры першым жа агля-дзе спецыялісты выявілі што на кузаве падроблены літара-лічбавыя ўнікальныя нумары. Назначаная экспертыза толькі пацвердзіла гэта. Была ўзбуджана крымінальная справа, праводзілася праверка. Аўтамабіль працягваў дадаваць гаспадару клопатаў, і аднойчы адбылося загаранне ў маторным адсеку.
– Пакупнік сам выйшаў на мяне з прапановай пазбавіцца ад машыны, – працягваў абвінавачваемы. – Жыццёвыя абставіны вымусілі згадзіцца. Новага ўладальніка папярэджваў, што гісторыя ў “Фальксвагена” сумніўная…
А вось якая будучыня чакае “гора-бізнесмена”, дакладна ведалі праваахоўнікі. Дзеянні лунінчаніна кваліфікаваны па частцы 1 артыкула 381 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Згодна з ёй, падробка ці знішчэнне ідэнтыфікацыйнага нумару транспартнага сродку ў мэтах эксплуатацыі або збыту, продаж транспартнага сродку ці яго частак з такімі падробкамі караецца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі да 2 год або яе пазбаўленнем на той жа тэрмін.
У выніку суд прызнаў грамадзяніна вінаватым і прызначыў выплаціць штраф у памеры 30 базавых велічынь (960 рублёў). Прыгавор уступіў у законную сілу.
Наталля Паўлюкевіч