Лёсы людскія. У Лунінецкім раёне асуджана 29 сямейных агрэсараў
МикашевичиНовости районаОбществоАктуальноПроисшествия

Лёсы людскія. У Лунінецкім раёне асуджана 29 сямейных агрэсараў

Раёнка паведамляла, што Лунінеччына далучылася да рэспубліканскай акцыі «Дом без насілля!». У яе рамках у райцэнтры прайшоў рэйд з удзелам прадстаўнікоў: тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – Святланы Грышкевіч і Таццяны Ніканавай, а таксама райаддзела ўнутраных спраў – Генадзя Скока і Руслана Каржаневіча. Да іх далучылася журналіст «Лунінецкіх навін».

Муж і жонка

Часта насілле пачынаецца з абразлівых слоў і пагроз. А ім, як правіла, папярэднічае празмернае ўжыванне спіртных напіткаў. На глебе п’янства і непрыязнасці людзі распускаюць рукі, спрабуючы на кулаках даказаць сваю праўду. Хаця, зга-зіцеся, спрэчкі паміж блізкімі – з’ява распаўсюджаная і цалкам пазбегнуць высвятлення адносін наўрад ці каму ўдаецца. Вось толькі сітуацый, калі агрэсія пераходзіць рамкі дазволенага, быць не павінна.

На жаль, у гэтай сям’і ўсё ж такі дайшло да рукапрыкладства. Канфлікты паміж мужам і жонкай узнікалі перыядычна, але па адной прычыне – злоўжывання алкаголем з боку мужчыны. Жанчына доўга выносіла выхадкі дэбашыра, але аднойчы яе цярпенне закончылася. На чарговы скандал выклікала міліцыю. Аднак калі справа дайшла да напісання заявы, лунінчанка катэгарычна адмовілася.

– Так робяць многія, – расказаў Генадзь Сяргеевіч. – Пакутуюць ад пабояў: жонкі – ад мужоў, састарэлыя бацькі – ад дзяцей, бабулі і дзядулі – ад унукаў. Аднак толькі адзінкі хочуць справядлівага пакарання для сваіх крыўдзіцеляў. Магчыма, любяць, саромеюцца, даруюць. Некаторыя баяцца, што пазней ім адпомсцяць, а ісці няма куды. І ўсё ж насілле будзе працягвацца да тых часоў, пакуль пра яго будуць маўчаць. Вось чаму важна як мага раней забіць трывогу, каб потым не было позна…

Пасля разбіральніцтва з міліцыяй работнікі ўстановы адукацыі ініцыіравалі сацыяльнае расследаванне, паколькі ў сям’і выхоўваюцца двое непаўналетніх дзяцей. Яго вынікі прывялі да выяўлення крытэрыяў пастаноўкі на ўлік нядобранадзейных. Незайздросны статус лу-нінчане займелі ў студзені гэтага года. Але варта аддаць належнае старанням матулі: яна любіць сваіх хлопчыкаў, клапоціцца пра іх і, безумоўна, марыць, каб яны выраслі не такімі, як іх бацька. На выпраўленне яго паводзін, змяненне ладу жыцця і накіраваны намаганні ўсіх су-б’ектаў прафілактыкі. Сустрэцца з мужчынам, праўда, не атрымалася – адсутнічаў дома. Але няма сумненняў, што сур’ёзныя гутаркі з праваахоўнікамі ў яго яшчэ наперадзе.

Мнагадзетная сям’я

Неймаверная схільнасць да моцных напіткаў адразу двух бацькоў стала галаўным болем для многіх: іх пяцярых дзяцей, якія, нягледзячы на “прыгоды” мамы і таты, усё роўна іх любяць; блізкіх, якім балюча гля-дзець, як сям’я коціцца ў бездань; суб’ектаў прафілактыкі, якія другі год запар дапамагаюць выправіць становішча, але новыя “подзвігі” мужа і жонкі руйнавалі вынікі сумеснай работы.

Наша гутарка з 29-гадовай лунінчанкай была даволі эмацыянальнай. Жанчына выстаўляла свайго 37-гадовага мужа ў негатыўным выглядзе: “Нідзе не працуе, п’е, неабгрунтавана чапляецца, а два тыдні таму змалаціў так, што месца жывога не пакінуў. Я так больш не магу…”. У глыбіні душы нават пашкадавала гараджанку, якой цяжка жывецца. Вось толькі пазней высветлілася, што зямлячка расказала далёка не ўсю праўду. Напрыклад, як сама можа пакінуць дзяцей саміх і на тыдзень адправіцца з сябрамі вандраваць, а вясёлыя моманты адпачынку выстаўляе напаказ у інтэрнэце. Ці спадабаюцца мужчыне падобныя паводзіны? Вядома, не. Хаця так было не заўсёды. Перыядычна муж і жонка праходзяць лячэнне ад алкагалізму, спраўна выконваюць абавязкі па выхаванні сыноў і дачушак. Аднак як толькі на гарызонце зноў паявяцца заўзятыя сабутэльнікі, усё вяртаецца на кругі свае.

Работніцы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў-вання насельніцтва ўручылі жанчыне памятку з інфармацыяй, дзе і як можна атрымаць кансультацыю спецыялістаў. Яшчэ расказалі аб “Крызісным пакоі” – часовым прытулку для ахвяр дамашняга насілля.

Бацька і сын

Наступны трывожны адрас знаходзіўся ў адной са шматпавярховак. Дзверы адчыніў малады чалавек, запрасіў прайсці на кухню. У нос “ударыў” моцны пах цыгарэт. Неў-забаве паявіўся і гаспадар кватэры – пенсіянер 1954 года нараджэння. Менавіта ён пацярпеў ад скандалу з сынам. Той, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, крычаў на бацьку, прыгнятаў, прыносіў псіхічныя пакуты. Не вытрымаўшы здзекаў ад роднага чалавека, мужчына выклікаў міліцыю.

– Можа, ёсць варыянты, як на яго паўплываць? А то ніяк не хоча працаваць, – з роспаччу ў голасе прасіў пажылы лунінчанін.

З маладым чалавекам Генадзь Скок правёў прафілактычную гутарку. Пазней праваахоўнік зазначыў, што грамадзяне, якія ўчынілі насілле ў адносінах да членаў сям’і, нясуць адміністрацыйную адказнасць (штраф, арышт) з вынясеннем афіцыйнага папярэджання, пастаноўкай на прафілактычны ўлік ці з вынясеннем абароннага прадпісання. Яно абавязвае агрэсара часова пакінуць агульнае з пацярпеўшымі жылое памяшканне і забараняе яму распараджацца агульнай уласнасцю.

– Наша заканадаўства дазваляе прыцягнуць сямейнага дэбашыра да адказнасці і без заявы з боку ахвяры, – пракаменціраваў праблему пракурор Лунінецкага раёна Юрый Пракапчук. – Адміністрацыйны працэс можа быць пачаты асабіста ці па маім пісьмовым даручэнні асобай на паса-дзе органа ўнутраных спраў пры адсутнасці патрабавання пацярпелага або яго законнага прадстаўніка і не падлягае спыненню ў выпадку, нават калі абодва бакі прыдуць да прымірэння. Акрамя таго, за катаванне, пагрозы забойствам, наўмыснае прычыненне лёгкіх, менш цяжкіх і цяжкіх цялесных пакалечанняў прадугледжана крымінальная адказнасць. У якасці пакаранняў могуць быць арышт, грамадска-карысныя работы, абмежаванне ці пазбаўленне волі да 15 год – у залежнасці ад ступені цяжкасці злачынства. Усяго за мінулы год і першы квартал сёлета на Лу-нінеччыне асуджана 29 сямейных агрэсараў.

Наталля Паўлюкевіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть