Мікіта Цітоў: «Марыў стаць афіцэрам»
БНТУ выпускае спецыялістаў, здольных вырашаць складаныя задачы ў галіне навукі і тэхнікі. Асаблівае месца займае ваенна-тэхнічны факультэт, дзе рыхтуюць кадры для Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. На трэцім курсе вучыцца наш зямляк, выпускнік Бастынскай СШ Мікіта ЦІТОЎ.
– Адразу ўсвядоміў, што выбраў правільны шлях, – кажа юнак. – Ён патрабуе не толькі ведаў, але і мужнасці, дысцыпліны і гатоўнасці да самаахвяравання. З дзяцінства марыў стаць ваенным, натхняючыся літаратурай і мастацкімі фільмамі. Гэтая мара і прывяла мяне на ваенна-тэхніч-ны факультэт, дзе сёння вывучаю тэорыю і практычныя аспекты работы з сучаснымі тэхналогіямі. Выбраў спецыяльнасць інжынера-будаўніка. Хачу ў будучым прыносіць карысць як нашаму грамадству, так і краіне ў цэлым.
Наш дзень пачынаецца ў 6 гадзін раніцы і ў ім распісана літаральна кожная хвіліна: агляд курсантаў, сняданак, вучоба, самастойныя заняткі, а пасля вячэры – вольны час, прагляд навін, паверка курсантаў і адбой. У сваіх шчыльных графіках будучыя афіцэры знаходзяць час на навуковую дзейнасць, удзел у конкурсах, спорт і асабістыя інтарэсы.
Разумею, што ваенная служба – гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць. Кожны дзень мы працуем над сабой, імкнучыся стаць сапраўднымі афіцэрамі, якія змогуць абараніць Беларусь і яе грамадзян.
Застаецца дадаць, што Мікіта правёў прафарыентацыйнае мерапрыемства ў школе №1 г. Лунінца. Ён расказаў пра спецыяльнасці, падрыхтоўку якіх вядуць на ваенна-тэхнічным факультэце, ільготах, прадугледжаных для ваеннаслужачых. Асобна госць спыніўся на гісторыі ВТФ і яго дасягненнях. Пасля гутаркі ў навучэнцаў была магчымасць задаць цікавячыя пытанні, на якія яны атрымалі разгорнутыя адказы.
Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.
Фота з архіва.