Мост паміж мінулым і будучым
Мова – не толькі сістэма пэўных сімвалаў і гукаў. Яна ўвабрала шум дубраў, водар лугоў і палеткаў. А яшчэ – увасобілася ў паўсядзённым адзенні нашых продкаў і прадметах іх побыту, вырабах старадаўніх рамёстваў. Гэта добра разумеюць у СШ №2 горада Мікашэвічы, дзе пры кабінеце беларускай мовы і літаратуры працуе этнаграфічны музейны куток.
– Ідэя яго стварэння ўзнікла ў 1999 годзе і належыць педагогам Тамары Іванаўне Гваздзіцкай і Лідзіі Міхайлаўне Кіслюк, – расказвае цяперашняя “гаспадыня” самабытнай калекцыі, настаўніца Марына Віктараўна Краўчук. – Прапанову падтрымалі: у зборы экспанатаў прынялі актыўны ўдзел калегі і вучні. Безумоўна, асобныя давялося прыводзіць у належны стан, але большая частка гэтых рэчаў і сёння выглядаюць як новыя.
Зала этнаграфічнага кутка невялікая па памерах, але вельмі змяшчальная. Яна запоўнена ў асноўным толькі тымі рэчамі, якімі беларускі селянін XIX–пачатку XX стагоддзяў карыстаўся кожны дзень. Гэта – разнастайныя прасы, кудзеля, чаўнакі і іншыя прылады для ткацтва. Ёсць тут вагі, граблі, гліняны і драўляны посуд, сярпы і г.д.
Асобнай старонкай прадстаўлена вышыўка, якой упрыгожаны кашулі, карункі, настольніцы. Школьныя аматары этнаграфіі таксама сабралі каларытную калекцыю самаробных ручнікоў, у тым ліку – тканых. А яшчэ – нацыянальнага адзення. Наведвальнікі кутка ў дэталях знаёмяцца, з чаго складаліся тагачасныя традыцыйныя мужчынскія і жаночыя касцюмы з улікам рэгіянальных асаблівасцей. Акрамя таго, могуць патрымаць у руках сапраўдныя лапці.
– На жаль, некаторыя з рамёстваў адыходзяць у небыццё, а паўсядзённыя рэчы, якімі карысталіся нашы продкі, калі і захаваліся, то дзе-небудзь на гарышчы ці на дне бабулінага куфара. Адной з галоўных мэт пры стварэнні экспазіцыі была спроба данесці да вучняў атмасферу беларускага этнасу. Маленькая “часцінка” нацыянальнай культуры, якая невыпадкова размешчана ў сумежным памяшканні з кабінетам беларускай мовы і літаратуры, – выдатны наглядны дапаможнік па вывучэнню спадчыны для падрастаючага пакалення.
Сярод школьніц сярэдняга і старшага звяна лічыцца за гонар у якасці экскурсаводаў знаёміць гасцей установы адукацыі з этнаграфічным кутком. 11-класніцы Вікторыя ГЛАДЗЕВІЧ (злева) і Наталля ТАНЧЫНСКАЯ, якія разам з Аляксандрай Арлоўскай з радасцю выконвалі гэтыя абавязкі, у хуткім часе перададуць іх сваім паслядоўніцам.