Микашевичи

Неба на зямлі

К алісьці пры будаўніцтве праваслаўнага храма строга выконвалі пэўныя правілы. Напрыклад, ён павінен быў узвышацца над іншымі збудаваннямі, каб яго можна было бачыць з любой кропкі населенага пункта, а гукі званоў чула ўся акруга. Менавіта такім запомніўся жыхарцы Мокрава Марыі ЮНКЕВІЧ  (каля настаяцеля справа) першапачатковы будынак мясцовай царквы ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы, у якую яе дзяўчынкай прывяла матуля.

– Мяне вельмі здзівіла боская літургія. Стварылася ўражанне, што галасы вернікаў – свяшчэнніка,  дарослых і дзяцей, пеўчых на клірасе – паднімаючыся да скляпенняў царквы, цудоўным чынам ператвараліся ў адзіную, простую, але вельмі прыгожую малітву, – расказвае Марыя Данілаўна. – Падлеткам сама стала рэгулярна наведваць рэпетыцыі царкоўнага хору. Рэгентам была жыхарка Лахвы Крысціна Юнацкевіч. Яна рэгулярна збірала  вернікаў, якія пад яе кіраўніцтвам вывучалі нотную грамату, развучвалі малітвы і духоўныя спевы. Адукаваная і начытаная, яна ўмела зацікавіць людзей. У часы яе рэгенцтва колькасць удзельнікаў хору перавышала 20 чалавек. Большасць з іх былі людзьмі маладога ўзросту.

Марыя Данілаўна праз паўгода адсвяткуе сваё 85-годдзе. Успамінаючы цяпер пражытыя гады, пажылая жанчына дзякуе лёсу, які яшчэ ў дзяцінстве адкрыў дзверы ў дзіўны свет праваслаўя. Вера стала той самай духоўнай апорай, што дапамагае з надзеяй сустракаць новы дзень і з мужнасцю прымаць кожнае жыццёвае выпрабаванне. А іх выпала нямала.

Вялікая Айчынная вайна не пашкадавала родных М.Д. Юнкевіч, узяўшы страшную плату і з іх сям’і. Гады акупацыі яе бацькі з 6 дзецьмі правялі ў Мокрава. Жылі ў пастаянным напружанні, шукаючы выратаванне ў лесе падчас карацельных аперацый. Менавіта ў адной з іх загінуў 22-гадовы брат Іван.

Бяда не прыходзіць адна. Калі 17-гадовага брата Уладзіміра абвінавацілі ў кра-дзяжы вінтоўкі для партызан, а бацьку – у саўдзельніцтве, жыццё ўсіх родных апынулася пад пагрозай. Два тыдні сям’ю Марыі Данілаўны, уключаючы яе з непаўналетнімі сёстрамі, трымалі ў турме ў Лунінцы. І хоць пакарання смерцю цудам атрымалася пазбегнуць, лёс брата Валодзі, сляды якога абарваліся ў Пінску, так і застаўся невядомым.  Пастаянны страх за сваіх родных, нягоды і нястачы ваеннага часу не прайшлі бясследна і для сястры Дар’і. Жыццё маладой дзяўчыны абарвала анкалагічнае захворванне…

Ва ўзросце 18 год мая суразмоўніца згуляла вяселле з кінамеханікам з Сінкевіч. Родныя Марыі Данілаўны  спачатку не вельмі жадалі такога зяця: сірата, а значыць, дапамогі з боку яго сваякоў маладой сям’і не будзе. Але думкі пра магчымае шчасце дачкі пераважылі ўсе сумненні і бацькі благаславілі дзяўчыну з хлопцам.

– Разам з Аляксандрам – ужо 66 год, а нашы пачуцці знайшлі працяг у дзецях, унуках і праўнуках,  – расказвае Марыя Данілаўна. – Як і ў любой сям’і, у сумесным жыцці хапала і добрага, і дрэннага. Напрыклад, вельмі складана было, калі муж працаваў у Мікашэвіцкім леспрамгасе. Дадому прыязджаць у яго атрымлівалася толькі на выхадныя. Бывала вернецца пасля 5-дзённай адсутнасці, працягне рукі да маленькага сына ці дачкі, а яны ў слёзы – не  пазнавалі. Сама спраўлялася з 5 дзецьмі, вялікай дапаможнай гаспадаркай. А яшчэ працавала даяркай у калгасе, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, шмат рукадзельнічала, спявала ў царкве. І ўсюды паспявала.

На твары ў пажылой жанчыны – шчырая ўсмешка, але вочы – сумныя. Мінулае для чалавека такога паважанага ўзросту – гэта не толькі ўспаміны пра радасныя дні, але і страты, у тым ліку – родных людзей. Лёс адмераў кароткі жыццёвы шлях дачцэ Алене і адной з унучак. Перажыць гэтыя дзве трагедыі М.Д. Юнкевіч дапамагла сям’я. А яшчэ – вера. Калі драўляная царква ў Мокрава згарэла, жанчына амаль два з паловай дзесяцігоддзі наведвала сін-кевіцкі Свята-Георгіеўскі храм, у якім не прапускала амаль ніводнага богаслужэння.

– Пажар здарыўся летам. Было вельмі горача, на вёску набліжалася навальніца. Дажджу пакуль не было, але неба ўсё часцей страсяналі грымоты з маланкамі. Адна з іх і патрапіла ў царкоўны купал – узгаранне пачалося з даху. Храм, да якога збеглася, напэўна, уся вёска, нібы маліў вернікаў пра выратаванне. Полымя распаўсю-джвалася марудна. Мы паспелі вынесці шмат рэчаў, абразоў, малітоўнікаў, псалтыроў і іншых царкоўных кніг, знялі нават старыя царскія дзверы насупраць Прастола ў алтары. А вось пажарныя, хоць іх аператыўна выклікалі на месца здарэння, прыехалі позна – засталося толькі папялішча.

На падмурку згарэўшага храма пабудавалі цяперашнюю Пакроўскую царкву: у той час мокраўскі прыход узначальваў протаіерэй Лявонцій Пяшко. Работы па яе аднаўленню сталі па-сапраўднаму народнымі. Паўдзельнічаць у гэтай важнай справе мясцовыя жыхары лічылі за гонар. Дарослыя і дзеці разгружалі будаўнічыя матэрыялы, фарбавалі і тынкавалі сцены, усталёўвалі вокны і дзверы, укладвалі дахавае пакрыццё, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю новага храма… Прайшло каля трох гадоў з пачатку будоўлі, і над акругай узвысілася царква, зноў ахутваючы нябачнай абаронай вясковыя вуліцы і дамы.

… У кожнага з нас свае ўзаемаадносіны  з верай. Адны рэгулярна, як М.Д. Юнкевіч, наведваюць храм, строга выконваюць каноны і правілы. Іншыя робяць гэта па меры магчымасці. Трэція бываюць на службе толькі ў выключных выпадках, сцвярджаючы,  што іх выхавалі атэістамі. Але хочацца верыць, што кожны пакідае царкву супакоеным, знайшоўшы там душэўную раўнавагу і надзею. Бо невыпадкова храм лічаць небам на зямлі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть