Незвычайная знаходка… Спецпраект «Сямейная рэліквія» (Лунінецкі раён)
МикашевичиНовости районаОбществоСЕМЕЙНАЯ РЕЛИКВИЯ

Незвычайная знаходка… Спецпраект «Сямейная рэліквія» (Лунінецкі раён)

Незвычайная знаходка.. Яе гісторыя бярэ пачатак у 1960-ыя гады.

Майму прадзеду Канстанціну тады было 27 год. Аднойчы ў лазні ён знайшоў невялікі авальны медальён з выявай невядомага святога. Знаходку аддаў жонцы. Яна пачапіла медальён на шнурок і павесіла побач з іконай.

Праз некаторы час малодшы брат маёй прабабулі Вольгі, Апанас, быў прызваны ў армію. Перад ад’ездам яна, загарнуўшы медальён ў чыстую насоўку, паклала яго ў кішэню хлопцу.

Апанасу давялося служыць у Чэхаславакіі. Лісты прыходзілі не вельмі часта, а потым і зусім перасталі. На дварэ быў 1968 год. Доўгачаканая вестачка прыйшла праз некалькі месяцаў: усё добра. Узмужнеўшы юнак вярнуўся дадому вясною 1969-га. Перадаў сястры медальён са словамі: “Вазьмі і беражы. Дзякуючы абярэгу я застаўся жывы…”. На святыні быў пазалочаны ланцужок, які купіў Апанас. Не мог расказаць хлопец, што яго часць была экстранна пераведзена ў Прагу для падаўлення мяцяжу палітычных супрацьстаянняў. Пра гэта стала вядома значна пазней…

Медальён на пазалочаным ланцужку заняў пачэснае месца побач з іконай Маці Божай Казанскай. На чарговую “службу” ён адправіўся разам з малодшым братам прадзеда Уладзімірам, які ў снежні 1979 года быў пераве-дзены на службу ў Афганістан. Паўтара года нялёгкіх выпрабаванняў закончыліся ў маі 1981 года, і святыня зноў вярнулася ў родны дом. Праўда, на медальёне не было пазалочанага ланцужка. Ён згубіўся, і толькі невялікі кавалачак застаўся побач з рэшткамі шнурка, як яго некалі і знайшоў мой прадзед.

Зараз рэліквія захоўваецца ў маёй бабулі Веры Канстанцінаўны. Менавіта яна прачытала напаўсцёрты надпіс на другім баку медальёна: “Св. Алексию моли Бога о нас” і паведаміла мне гэтую незвычайную і цікавую гісторыю. Шчыра веру, што Святы Аляксей і надалей будзе нябесным заступнікам і абаронцам маіх родных і маёй сям’і.

Анастасія Скібіцкая, вучаніца Багданаўскай СШ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть