От чистого сердца! Виктор Рафалович в СШ №2 Лунинца на торжественной линейке в День знаний
Урачыстыя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў, прайшлі ва ўсіх установах адукацыі Лунінеччыны. У сярэдняй школе №2 райцэнтра на мерапрыемстве, прысвечаным пачатку новага навучальнага года, прысутнічалі ганаровыя госці – намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Рафаловіч і кіраўнік раёна Аляксандр Савіна. Яны ўручылі сертыфікаты на набыццё тэхналагічнага абсталявання і аргтэхнікі.
– Сёння мне прадстаўлены гонар ад імя старшыні Брэсцкага абласнога камітэта Пятра Пархомчыка павіншаваць усіх вас з Днём ведаў! – звярнуўся да прысутных Віктар Рафаловіч. – Жадаю ўсім школьнікам лёгкай вучобы, будучым выпускнікам засвоіць урокі, каб на экзаменах і тэстах паказаць максімальныя вынікі. Педагогам – аддаваць вучням усе веды, якімі вы валодаеце, бацькам – дапамагчы дзецям засвоіць праграму. Поспехаў усім, удачы і з Богам!
Асаблівая ўвага на лінейцы адрасавалася самым юным удзельнікам урачыстасці – хлопчыкі і дзяўчынкі, якія толькі ўчора гулялі з цацкамі, зараз сталі ціхімі і сур’ёзнымі. Для іх прагучаў першы званок, кожны атрымаў у падарунак ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнка кнігу “Беларусь – наша Радзіма”. Старэйшыя юнакі і дзяўчаты радаваліся новай сустрэчы з сябрамі і дзяліліся ўражаннямі пра лета. А мноства кветак у руках ператварала лінейку ў незвычайны калейдаскоп.
У Дзень ведаў у гасцей была асаблівая нагода для наведвання самай вялікай у раёне па колькасці вучняў установы адукацыі – тут адбылося ўрачыстае адкрыццё школьнага стадыёна пасля рэканструкцыі.
– Пры падтрымцы абласнога выканаўчага камітэта да 1 верасня школа атрымала шыкоўны падарунак – абноўлены стадыён, – сказаў Аляксандр Савіна. – На гэтыя мэты з абласнога бюджэта было выдзелена 1 мільён 700 тысяч рублёў, частка сродкаў выкарыстана з раённага бюджэта. Спадзяюся, што новыя пляцоўкі стануць цэнтрам прыцяжэння для жыхароў нашага горада і паспрыяюць дасягненню новых рэкордаў. Жадаю ўсім здароўя, энергіі і новых поспехаў.
Цяпер у навучэнцаў будуць палепшаныя магчымасці для заняткаў фізкультурай і спортам. Шчырыя словы падзякі адрасаваліся калектыву ПМК-7 ААТ “Пінсксаўгасбуд” на чале з дырэктарам Андрэем Лешчуком за хуткае і якаснае выкананне работ у адпаведнасці з усімі патрабаваннямі.
Старт спартыўных мерапрыемстваў на абноўленым стадыёне прайшоў у прысутнасці гасцей – у вароты быў забіты першы сімвалічны мяч. У позірках дарослых была радасць ад асэнсавання, што ў юных лунінчан ёсць усе магчымасці для шчаслівага дзяцінства.
Марыя ЯРАХОВІЧ
Падрабязней у газеце "Лунінецкія навіны"
Подписывайтесь на наш канал в Telegram