Памяць: пісьмо земляка з фронта (Лунінецкі раён)
МикашевичиНовости районаОбщество

Памяць: пісьмо земляка з фронта (Лунінецкі раён)

Чым далей у гісторыю адыходзяць трагічныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны, тым яшчэ большую значнасць набываюць звязаныя з ёй успаміны, факты, рэчы. Нядаўна ў рэдакцыю завітаў лунінчанін Мікалай Мігель, які беражліва працягнуў пісьмо з фронта. На пажаўцелым лістку прыгожым почыркам выведзена дата – 6 мая 1945 года…

Асцярожна бяру рэліквію ў рукі… Яе каштоўнасць складана пераацаніць, бо ўсведамляеш, што яна адначасова такая блізкая і такая далёкая. Кожны радок дыхае цеплынёй і любоўю да тых, каму гэты ліст адрасаваўся. Прывядзем яго тэкст, поўнасцю захоўваючы стыль аўтара і яго пунктуацыю:

«Дня 6.5.45 г.

Христос Воскресе

Мои дорогия, я пока Слава Богу жив и здоров чего и вам желаю от Господа всего наилучшего в жизни вашей. Дорогая моя Ленусь сегодня пасха, но для меня тодже серый день как и каждый и таже самая работа, но только разница та что сегодня больше о вас думаю чем в другие дни, как вы проводите этот большой праздник, а до того уже полторы недели от вас не имелось письма и не знаю, что за причина этому. Я теперь нахожусь уже далеко за Берлином и мы вчера не официально войну закончили встретились с союзниками, так что фашистская германия перестала существовать Берлин взят и знамя победы водружено над фашистской столицей, так что золотко может скоро Господь даст что мы увидимся и с нетерпение жду я того дня как бы увидеться, это мое одно желание в моей жизни. Пока кончу писать привет всем родным и знакомым. Целую тебя и деток ваш Юзек».

– Дзякуй былым калегам, а я без малога тры дзесяцігоддзі праслужыў у аддзеле ўнутраных спраў, за тое, што дапамаглі аднавіць тэкст, – зазначыў Мікалай Іосіфавіч. – Асабістыя словы адрасую следчаму Віталю Случаку. Усё ж гэта пісьмо ў многіх руках пабывала, ды і дома нашага даўно няма… А тады бацька яго пісаў матулі. Яны былі  жанатыя, у сям’і гадаваліся дзве дачушкі. У пасляваенны перыяд тую пісьмовую вестачку мала прыгадвалі, бо тэкст змяшчаў рэлігійную тэматыку. А тады ўсё, што датычыла царквы, падвяргалася ганенню. Дык вось, калі дом зняслі, пісьмо захаваў мой пляменнік Аляксандр Паўлюкавец. Ён жыве ў Мурманскай вобласці, і калі быў у гасцях, мы разгаварыліся пра лёс татавага ліста. Саша сказаў, што ў наступны візіт возьме яго з сабой. І слова сваё стрымаў! Не перадаць эмоцыі, калі зноў убачыў знаёмы почырк…

Роспач сына героя-пераможцы зноў ускалыхнула сэрца, а ў вачах паявілася зразумелае шкадаванне аб мінулым. У далёкія падзеі вяртае і бацькаў ваенны білет, які зямляк таксама прадэманстраваў разам з сямейнымі фотаздымкамі. Перагортваем старонкі дакумента: “…Мігель Іосіф Іванавіч, 1912 года нараджэння, прызваны па мабілізацыі 8 чэрвеня 1944 года. Прызначаны стралком 629-га стралковага палка І Беларускага фронту. Дэмабілізаваны ў кастрычніку 1945 г. Узнагароджаны медалямі “За адвагу” (01.06.45 г.), “За ўзяцце Берліна” (26.04.46 г.), “За вызваленне Варшавы” (23.01.47 г.), “За Перамогу над Германіяй” (28.02.46 г.)”.

Баявы шлях, як і ўзнагароды высокай вартасці, па праву заслугоўваюць гонару! Аднак Іосіф Іванавіч стаў не толькі адважным салдатам і трапным стралком. Яму пашчасціла быць любячым мужам, клапатлівым татам, сумленным работнікам. З Аленай Антонаўнай павянчаліся ў Крыжаўзвіжанскім храме ў Лунінцы яшчэ да вайны – у 1934-ым. Спачатку жылі ў Гарыні, затым перабраліся ў наш райцэнтр. Жанчына займалася выхаваннем чатырох дзяцей – Неанілы, Таісіі, Мікалая і Таццяны, а яшчэ даглядала хатнюю гаспадарку. Галава сям’і ўладкаваўся дыспетчарам у аддзяленне чыгункі, а пазней памяняў прафесію і ўзначаліў філіял лесагандлёвага склада. Сустрэць сумесную старасць Мігелям, на жаль, было не наканавана… З-за хваробы Іосіфа Іванавіча не стала ў 1969 годзе, а Алены Антонаўны – у 2000-ым…

– Пра Вялікую Айчынную бацька расказваў няшмат, а мама зусім не любіла глядзець фільмы на ваенную тэматыку, – расказвае Мікалай Іосіфавіч. – Калі толькі паяўляліся кадры ў тэлевізары, яна пачынала плакаць і выходзіла з пакоя…

Наша памяць пра вайну – не толькі смутак аб загінуўшых і горыч страт, боль цяжкіх раненняў і сум у асірацелых сем’ях. Гэта і перасцярога супраць пагрозы новай вайны. Недаравальна забываць сваіх герояў! З кожным годам іх становіцца ўсё менш, але здабыты імі подзвіг павінен жыць у стагоддзях! Жыць не толькі ў камені і бронзе помнікаў, але і ў сэрцах нашых дзяцей і ўнукаў.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ. 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть