Праблемы вырашаюць разам
Бадай, ні адзін зварот ці просьбу выбаршчыкаў не разглядваюць паасобку на РУВП “Граніт”, дзе працуюць дэпутаты Мікашэвіцкага гарсавета Сямён ЛЯЎКОВІЧ, Юрый СУШКО, Сяргей ЛІТВІЦКІ і Сяргей МІХАЙЛАЎ. Акрамя таго, Сямён Сямёнавіч і Сяргей Іванавіч уваходзяць у склад раённага дэпутацкага корпуса.
Стаж у народных выбраннікаў розны. Пра тое, каму за гэты час удалося дапамагчы, не прывыклі расказваць у падрабязнасцях. Хаця, падводзячы вынікі адыходзячага года, з непадробным сумам канстатуюць: запланавалі зрабіць шмат, а вось ажыццявіць усе справы, на жаль, не ўдалося. Асабліва, калі параўноўваць з мінулым. З гонарам сёння прыгадваюць, як у свой час актыўна займаліся добраўпарадкаваннем дарог і прыдваровых тэрыторый, асвятленнем цэлых мікрараёнаў, стварэннем гаражных кааператываў – увогуле, навядзеннем парадку і арганізацыі камфортных умоў як для работы, так і адпачынку землякоў.
Кожны з дэпутатаў згодна з зацверджанымі графікамі праводзіць прыёмы грамадзян і дзяжурыць на “прамых тэлефонных лініях”. Як сведчыць падобная практыка, звычайна ў такія даты не назіраецца вялікага натоўпу людзей. Чаго нельга сказаць пра паўсядзённасць. Разам з непасрэднымі прафе-сійнымі абавязкамі: Сямён Ляўковіч узначальвае электрацэх, Юрый Сушко кіруе кар’ерам, Сяргей Літвіцкі займае пасаду намесніка галоўнага інжынера, Сяргей Міхайлаў – начальнік вытворчасці, пэўны час удзяляюць вырашэнню грамадскіх праблем. Яны даволі распаўсюджаныя – пытанні жыллёва-камунальнай і сельскай гаспадарак, адукацыі, сацыяльнай абароны насельніцтва, транспарту, сувязі, будаўніцтва, экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя. Па магчымасці дапамагаюць фінансава, садзейнічаюць тэхнікай, прыцягваюць калег. Больш таго, многія спрэчныя сітуацыі бачаць самі і стараюцца без лішніх падказак разбірацца ў іх.
Прагучала ў час нашай сустрэчы яшчэ адно пажаданне, якое ад імя калег выказаў Сямён Сямёнавіч:
– Было б вельмі дарэчы, калі б у дэпутатаў быў свой бюджэтны фонд. Не абавязкова ў некага персанальна – можна проста ў рай- ці гарсавеце. Тады нам прасцей аказваць тыя ж знакі ўвагі юбілярам, адзінокім, маламаёмным грамадзянам, інвалідам і іншым катэгорыям насельніцтва. Як мы розныя па характарах, так і па сваіх даходах. Адзін зможа арганізаваць цёплую сустрэчу з падарункамі, другі сутыкнецца з фінансавымі цяжкасцямі. Розніцы паміж выбаршчыкамі не бывае!
У 2016-ты глядзяць з надзеяй. Няхай мінуюць эканамічныя цяжкасці, і ўсе планы ўвасабляюцца ў жыццё!