Шкляныя пацеркі… Спецпраект «Сямейная рэліквія» (Лунінецкі раён)
МикашевичиНовости районаОбществоСЕМЕЙНАЯ РЕЛИКВИЯ

Шкляныя пацеркі… Спецпраект «Сямейная рэліквія» (Лунінецкі раён)

На канікулах я з сястрычкай і матуляй пачала перабіраць свае рэчы ў шафе. На вочы трапіла невялікая скрыначка. Адчыніўшы яе, убачыла розныя ўпрыгожанні і сярод іх – простыя шкляныя каралі. Запытала ў матулі: чаму іх не выкіне? Яны ж крыху сапсаваныя: некалькі зубчыкаў зламаны, бачна, што іх перанізвалі на новыя ніткі. І пачула ў адказ, што гэта не проста пацеркі, гэта – сямейная рэліквія.

Іх насіла мая прапрабабуля Пелагея Адамаўна. Ад маці яны дасталіся прабабулі – Ганне Піліпаўне Русак. Яна, як і я зараз, вельмі любіла прыгожа апранацца. Бытавых умоў, да якіх цяпер прывыклі, у прабабулі не было, але выглядала яна як сапраўдная модніца. Гавораць, што была вытанчанай асобай, нягледзечы на тое, што належала да сялян. Уся вопратка была падзелена на тры гатункі: паўсядзённая, у людзі (у лаўку, на “прычыны” і г.д.), у царкву. Прабабуля жыла ў в. Кажан-Гарадок. Па нядзелях і святах заўсёды наведвала Мікалаеўскую царкву. Самае прыгожае і новае ўбранне апраналася менавіта ў храм. Калі прабабуля Ганна ішла ў мнагалюдныя месцы: на вяселлі, радзіны, вячоркі і г.д., яна надзявала каралі.

Затым яны перайшлі да маёй бабулі – Марыі Фёдараўны Хількевіч. Яна гэтыя пацеркі ўжо не насіла (мела больш сучасныя – бурштынавыя і з чэшскага шкла), але захоўвала іх як памяць. Пасля смерці бабулі наша матуля забрала іх сабе…

Гэтые пацеркі заўсёды будуць нагадваць пра маю прабабулечку Ганну. Яе не стала, калі мне споўніўся толькі месяц, але магу пабачыць яе на фота, наведаць магілку ў вёсцы, дакрануцца да рэчаў, якія ёй належалі, паслухаць расказы матулі пра сваю разумную і прыгожую бабулю. Пакуль мы памятаем продкаў і іх душы жывуць у нашых сэрцах, род не скончыцца!

Ірына Галік, вучаніца 9 «Б» класса СШ №1 г. Мікашэвічы.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть