Школа і сям’я Таццяны Аўчарук з Любані
«Жыву – працуючы!» – так ахарактарызавала сваю паўсядзённасць Таццяна АЎЧАРУК з Любані. У прафесіі яна стала паслядоўніцай матулі, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Раісы Комар з Перунова. Спачатку выкладала прадмет у навучальнай установе на малой радзіме, а пасля яе закрыцця ў 2011-ым уладкавалася ў Лахвенскую СШ намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Акрамя выканання стандартных абавязкаў, занята грамадскай дзейнасцю, стымулюе вучняў на ўдзел у разнастайных конкурсах, пазакласных мерапрыемствах. Толькі за мінулы навучальны год яны заваявалі больш як 80 дыпломаў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
– Асталяваўшыся ў вёсцы, пры жаданні можна знайсці шмат незвычайнага навокал, захапіцца гэтым самой і прыцягнуць іншых, – кажа суразмоў-ніца. – Працаваць з дзецьмі неверагодна цікава, яны непасрэдныя, шчырыя, натхнёныя. Выказваю вялікую ўдзячнасць за разуменне калектыву школы і бацькам вучняў. Наш экалагічны атрад займаецца зборам другаснай сыравіны, дапамагаем лясніцтву садзіць лес. Перад святамі ездзім з віншаваннямі да ветэранаў і ў працоўныя калектывы. Летам арганізавалі занятасць для старша-класнікаў, яны змаглі зарабіць асабістыя грошы. Мы ўдзельні-чалі ў пошуку матэрыялаў для стварэння мастацка-дакументальнага фільма “Лахва. Цана свабоды” пра яўрэяў мясцовага гета. Увогуле, шмат увагі надаем тэме генацыду беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і патрыятычнаму выхаванню моладзі.
Здольны і мэтанакіраваны чалавек паспявае ўсё: Таццяна Васільеўна – не толькі адданы справе педагог, а яшчэ і клапатлівая матуля для чатырох сыноў. Арцём прайшоў тэрміновую службу ў арміі, мае спецыяльнасць чыгуначніка, працуе памочнікам машыніста ў райцэнтры. Ягор сёлета стаў студэнтам ВНУ Гомеля, будучы інжынер па эксплуатацыі наземнага транспарту. За перыяд навучання ў школе быў пераможцам конкурсаў, у тым ліку – рэспубліканскага. У 11 класе з хіміка-біялагічным ухілам вучыцца Кірыл, які не адстае ад старэйшага брата па цікавых захапленнях, член валанцёрскага атрада “Добрае сэрца”. Усё наперадзе ў другакласніка Цімафея, які, нягледзячы на юны ўзрост, можа самастойна дагледзець хатнюю жыўнасць, нават умее касіць траву. Варта дадаць, што і ў гэтым накірунку ёсць узнагароды – летась Аўчарукі сталі пераможцамі ў конкурсе “Лепшая мнагадзетная сям’я раёна”.
– У бацькоў нас было сямёра, таму аб цеснаце ў пакоях і гармоніі ў душы паміж роднымі людзьмі ведаю не па чутках, – працягвае гутарку матуля. – Заўсёды марыла пра вялікую сям’ю. Бо складана знайсці надзейней таварышаў, чым брат ці сястра. Яны не здрадзяць, падтрымаюць, будуць суперажываць. Не разумею тых, хто баіцца нараджаць двое і больш дзетак. Адзіны ў хаце малыш сумуе, не навучаецца жыць у калектыве, не ўмее дзяліцца рэчамі і пачуццямі. Вядома, выхаваць чацвярых няпроста. Вельмі ўдзячна за дапамогу тату і маме, якія аддавалі ўнукам час і сілы. На жаль, дзеда ўжо няма з намі, а бабуля па-ранейшаму дорыць малодшым сваю пяшчоту.
Для кожнай жанчыны важна быць любячай і любімай. Таццяне Васільеўне пашанцавала сустрэць надзейнага спадарожніка, з якім крочаць разам 22 гады. Аляксей Аляксеевіч шмат дзе паспрабаваў сілы, імкнучыся забяспечыць блізкіх. Былі працяглыя паездкі за межы раёна і краіны, але аддаленасць моцна стамляла. Таму ўладкаваўся вадзіцелем “БелАЗа” на “Граніт”. А дома ён – здольны рацыяналізатар, можа са старых і непатрэбных рэчаў змайстраваць карысныя прыстасаванні. Каля бацькі мужчынскім абавязкам ахвотна вучацца малодшыя. Муж заўсёды з разуменнем ставіцца да памкненняў жонкі займацца даследчай дзейнасцю, выхаваўчай і грамадскай работай, ва ўсім дапамагае.
– Мы родам з адной вёскі, – з цёплай усмешкай жанчына ўспамінае юнацтва. – Ён прызнаваўся, што пакахаў мяне, калі вучыўся ў школе. Гэтае пачуццё адчуваю і зараз, яно ўзаемнае і дапамагае нам пераадольваць любыя праблемы. Шчаслівая тым, што ніколі не было сорамна за выбранніка. Разам выхоў-ваем сыноў, дзелімся дамашнімі клопатамі. А яшчэ – аднолькава ўсё бачым і адчуваем.
Знаходзяць Аўчарукі час і на хатнюю гаспадарку – на падворку чуюцца галасы свіней, кур, качак. Усіх трэба дагле-дзець, паклапаціцца пра кармы. Агароднінай заняты вялікі прысядзібны ўчастак. У вольны час любяць дружнай камандай адправіцца ў грыбы ці ягады, альбо проста пахадзіць па лесе, палюбавацца непаўторнай навакольнай прыгажосцю. Ёсць аматары пасядзець з вудай. Незабыўнымі засталіся ўражанні пра рыбацкую ўдачу Арцёма – некалькі год таму ў невялікім вадаёме рукамі злавіў велізарнага язя.
– У Лахве мае карані, адсюль родам матуля, – падкрэслівае гаспадыня. – Калі паўстала пытанне аб новым працаўладкаванні, прапанавалі некалькі варыянтаў. Не шкадую, што спынілася на гэтым. Прадаставілі жыллё, побач чыгунка, многіх людзей ведаю. Калектыў згуртаваны, вучні цудоўныя. Сыны тут знайшлі сяброў…
Таццяна Васільеўна ахвотна расказвае аб дасягненнях іншых і сціпла – аб сваіх. Лічыць, што ўсе дзяўчынкі і хлопчыкі здольныя і ў нечым таленавітыя. Галоўная задача настаўні-ка – дапамагчы ім раскрыцца, паказаць сябе, важна накіраваць энергію ў правільнае рэчышча, стымуляваць і падтрымліваць. Асабістае шчасце жанчына бачыць у рознабаковым караго-дзе клопатаў, якімі поўніцца кожны дзень, праведзены ў коле сям’і, калег і вучняў.
Марыя ЯРАХОВІЧ.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram