Шлюбы, іх скасаванне і нараджэнне дзетак у Лунінецкім раёне
Колькі летась на Лунінеччыне паявілася новых шлюбаў, пацікавіліся ў начальніка аддзела ЗАГС райвыканкама Святланы Яроцкай.
– У 2021-ым у Лунінцы зарэгістравана 205 новых сем’яў, у Мікашэвічах – 73. — расказала Святлана Уладзіміраўна. — Што датычыць сельсаветаў, то ў Дварэцкім і Чучавіцкім было па 5 шлюбаў, Вулькаўскім, Лахвенскім і Лунінскім – па 4, Багданаўскім – 3, Бастынскім, Гарадоцкім, Сінкевіцкім – па 2, Дзятлавіцкім і Рэдзігераўскім – па 1. Найчасцей жаніхом і нявестай былі беларусы. Аднак па-ранейшаму ёсць выпадкі стварэння сем’яў з іншаземцамі. Так, у спадарожнікі жыцця нашы землякі выбіралі грамадзян Расійскай Федэрацыі, Украіны, Таджыкістана, Злучаных Штатаў Амерыкі і Азербайджана. Калі звярнуцца да сярэдняга ўзросту нова-спечаных мужоў і жонак, то ён спыніў-ся на адзнацы: 30 – у мужчын і 29 – у жанчын. Самым юным маладажонам было адпаведна 18 і 17 год, а старэйшым – 65 і 59.
Аднак, паверце, зусім не ўзрост важны пры стварэнні сям’і. Кожнай пары зычым дачакацца залатога вяселля, але ж, як паказвае практыка, не заўсёды нашы жаданні супадаюць з рэальнасцю. Летась 31 пара, якая не мела сумесных непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак, развялася. Сур’ёзнае рашэнне прымалася ў сярэднім: мужчынамі – у 37 год, жанчынамі – у 35. Запаветная пячатка стаяла ў пашпартах мужа і жонкі найменш – 1 год 3 месяцы і 9 дзён, а найбольш – 35 год 4 месяцы і 22 дні. Большасць распадаўся першы шлюб, але былі прыклады, калі другая і нават трэцяя спробы аказваліся няўдалымі.
Тым не менш, Лунінеччына заўсёды славілася моцнымі сем’ямі. І тых, дзе гадуюцца дзеткі, асабліва падтрымлівае дзяржава. З усіх немаўлят за першы квартал 2022 года з невялікай перавагай у лідары выйшлі дзяўчынкі: іх 70, а хлопчыкаў – 64. Дзве жанчыны сталі шчаслівымі матулямі двойняў. У нашых землякоў паявіўся 41 першынец. 51 малыш ужо меў старэйшых брата ці сястру. Статус мнагадзетных (яго набываюць пры нара-джэнні трэцяга дзіцяці) займелі 32 сям’і. На карце раёна паявіліся 6 адрасоў, дзе мамы і таты прымалі віншаванні з папаўненнем у чацвёрты раз, і 1 – у дзявяты. Патэнцыяльнымі кандытаткамі на ордэн Маці (ён уручаецца жанчынам за нараджэнне і выхаванне 5 дзяцей) сталі 3 жыхаркі Лунінеччыны.
Калі звярнуцца да імён, то самымі папулярнымі з’яўляюцца Раман, Давід, Ягор і Міхаіл, а таксама Ганна, Вераніка, Ксенія і Соф’я. Сярод незвычайных былі Спірыдон і Ярамір, Ліна і Арсенія. Бацькамі нованароджаных станавіліся ў сярэднім: мужчыны – у 30 год, жанчыны – у 27. Самымі юнымі былі 19-гадовы тата і 15-гадовая мама, а старэйшымі – 48-гадовы мужчына і 40-гадовая жанчына.
Наталля Паўлюкевіч