Што лепш – завяшчанне ці дарэнне? Падрабязнасці ад спецыяліста
МикашевичиНовости районаОбщество

Што лепш – завяшчанне ці дарэнне? Падрабязнасці ад спецыяліста

Такое пытанне часта задаюць у натарыяльнай канторы. Адказаць адназначна немагчыма, таму што гэта розныя па прававых наступствах натарыяльныя дзеянні пры аднолькавым выніку – у абодвух выпадках права ўласнасці на маёмасць пераходзіць ад аднаго чалавека да другога.

Завяшчанне – гэта распараджэнне грамадзяніна адносна ўласнай маёмасці на выпадак смерці. Пакуль ён жывы, мае права распараджацца ёй па ўласным жаданні. Завяшчанне нельга скласці і засведчыць праз прадстаўніка. Натарыусу прадстаўляецца толькі пашпарт (пры наяўнасці льгот – дакумент, які іх пацвярджае). Маёмасць правяраецца толькі пры ўступленні ў спадчынныя правы. Пішацца завяшчанне ўласнай рукой у прысутнасці натарыуса. Ён жа прыходзіць на дапамогу, калі ў сілу фізічных недахопаў грамадзянін не можа пісаць, але пры гэтым павінен прысут-нічаць сведка (дзеяздольны, паўнагадовы, з пашпартам). Завяшчаць можна і тое, што яшчэ будзе належыць на момант смерці; размеркаваць маёмасць можна паміж спадчыннікамі як у роўных долях, так і ў няроўных.

Незалежна ад таго, як завяшчацель размеркаваў маёмасць, права на абавязковую долю захоўваюць непаўналетнія або непрацаздольныя дзеці спадчынадаўцы, а таксама непрацаздольны муж (жонка), бацькі. Акрамя гэтага, муж (жонка) маюць права ўласнасці на частку маёмасці, якая нажыта ў шлюбе. Завяшчацель можа адмяніць або змяніць сваю волю ў любы момант, нікога не папярэджваючы.

Пры дарэнні грамадзянін перадае маёмасць ва ўласнасць адорваемага. Права ўласнасці на падораную нерухомую маёмасць узнікае з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі. У некаторых выпадках для засведчвання дагавора дарэння патрабуецца згода трэціх асоб. Скасаваць дагавор можна толькі пры двухбаковым пагадненні.

Калі вы жадаеце да дня смерці заставацца ўласнікам маёмасці, складайце завяшчанне, але памятайце пра права спадчыннікаў на абавязковую долю.

Калі вы гатовы перастаць быць уласнікам маёмасці і не разлічваеце, што адорваемы будзе ажыццяўляць за вамі догляд у састарэлым узросце, можаце засведчваць дагавор дарэння.

За больш падрабязным тлумачэннем неабходна звярнуцца да натарыуса.

Ірына КУБЕЛЬСКАЯ, натарыус Брэсцкай натарыяльнай акругі.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть