СШ №1 Мікашэвіч: педагагічны вопыт у спадчыну
МикашевичиНовости районаОбществоОбразование

СШ №1 Мікашэвіч: педагагічны вопыт у спадчыну

Ветэрана педагагічнай працы Наталлю Кашэвіч і настаўніка беларускай мовы і літаратуры СШ №1 г. Мікашэвічы Ірыну Бездарогаву аб’ядноўвае не толькі кроўная сувязь, але і любоў да настаўніцтва і дзяцей. Прадстаўніцы гэтай сямейнай дынастыі аддалі школе амаль 76 гадоў!

– Для маіх бацькоў Лунінеччына стала другой радзімай у 1971 годзе, – расказвае Ірына Іосіфаўна. – Мама – выпускніца Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны – прыехала разам з татам і ўладкавалася ў цяперашнюю СШ №1. Выкладала матэматыку, працавала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. З надыходам пенсійнага ўзросту перайшла ў СШ №3 г. Мікашэвічы, дзе працягвала педагагічную справу.

Ірыну Бездарогаву з дзяцінства захапляла маміна інтэлігентнасць, пастаянная самаадукацыя, любоў да кніг. Пасля школы Ірына Іосіфаўна вырашыла таксама стаць настаўніцай. Яшчэ адным немалаважным фактарам, які паўплываў на прафесійны выбар, было і тое, што ў СШ №1 г. Мікашэвічы адкрылі педагагічны клас. Там сабралі навучэнцаў, якія планавалі звязаць дарослае жыццё са школай.

– Гэта быў сумесны праект раённага аддзела адукацыі, яго ў той перыяд узначальваў Уладзімір Лук’янавіч Філіновіч, і Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, – гаворыць суразмоўніца. – Калі абвясцілі набор, жадаючых вучыцца там аказалася многа: конкурс быў амаль два чалавекі на месца. Дакументы падалі не толькі старша-класнікі з Мікашэвіч. Сітніца, Сітніцкі Двор, Любань, Багданаўка і іншыя сельскія населеныя пункты нашага раёна – па кандыдатах, без перабольшвання, можна было вывучаць геаграфію раёна.

Прайшоў час, і яны вярнуліся ў розныя школы Лунінеччыны настаўнікамі. Напрыклад, у адзін час у СШ №1 г. Мікашэвічы працавалі педагогамі звыш 10 выпускнікоў таго асаблівага класа.

– Закончыла Рэчыцкі дзяржаўны педагагічны каледж па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура, нямецкая мова». Потым – вучоба ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны. Год ад-працавала ў адной з вясковых школ у Буда-Кашалёўскім раёне і вярнулася ў Мікашэвічы, у родную СШ №1. Здаецца, гэта было зусім нядаўна. Таму нават самой не верыцца, што 2023/24 навучальны год у мяне 30-ты, юбілейны, – усміхаецца Ірына Іосіфаўна.

Мая суразмоўніца шмат чаго ўзяла на ўзбраенне з педагагічнага вопыту мамы. У тым ліку – у зносінах з вучнямі. Таму настаўніца Ірына Бездарогава заўсёды рада сваім падапечным – цяперашнім і былым, якія наведваюць са “справаздачамі”, што адбылося ў іх жыцці. Значыць, настаўніцтва, як і раней, справа важная і патрэбная.
Наталля Лялюк

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть