Ствараем народны фотаальбом: Салдаты Перамогі
На гэты раз зноў вырашылі пагартаць падшыўкі раёнкі. 1975 год – 30 год Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Памяць зноў і зноў ўзрушвае моманты, калі лунінчане падчас вайны разам з воінамі з іншых братэрскіх краін ішлі наперад, дзеля мірнага жыцця.
Кандрат Сцяпанавіч Быкаў ваяваў пад Мадрыдам, на Карэльскім перашыйку, а таксама пры вызваленні заходніх абласцей Беларусі. У час Вялікай Айчыннай вайны быў камандзірам партызанскага атрада, разам з народнымі мсціўцамі грамілі гітлераўцаў на смаленскай зямлі. Высока ацаніў савецкі ўрад яго баявыя справы. На ўсё жыццё запомніліся хвалюючыя хвіліны, калі Міхаіл Іванавіч Калінін уручыў за праяўленую мужнасць ордэн Чырвонай Зоркі. Пасля вайны ветэран жыў у Лунінцы.
У пасляваенны перыяд частымі гасцямі школьнікаў былі ветэраны. І кожная сустрэча ў навучальных установах, хоць і была хвалюючай, але ператваралася ў свята.
– Вучыцеся добра, беражыце нашу любімую Радзіму. Няхай над вамі заўсёды будзе чыстае, мірнае неба, – такі наказ заўсёды пакідалі калгаснік калгаса “Расія” Павел Максімавіч Ванюк і рабочы станцыі Лунінец Уладзімір Ульянавіч Калянковіч.
Нагадаем, што ўклад у праект можа зрабіць кожны. Пагартайце ў вольны час сямейныя фотаальбомы, знайдзіце там здымкі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Дзяліцеся з намі, а мы надрукуем іх на старонках “Лунінецкіх навін”. Прыносьце ці дасылайце іх у рэдакцыю: пл. Лені-на, 12, 225644, г. Лунінец Брэсцкай вобласці. Калі зручна – адпраўляйце ў месенджары +375445522665. Не забывайце напісаць некалькі радкоў тэксту пра герояў фотаздымкаў, а таксама пакінуць свае кантактныя даныя.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram