Ствараем народны фотаальбом: Салдаты Перамогі! Лунінецкі раён
МикашевичиНовости районаОбществоМолодежь80 лет Победы

Ствараем народны фотаальбом: Салдаты Перамогі! Лунінецкі раён

Маладое пакаленне лунінчан захоўвае памяць пра гераічнае мінулае сваёй краіны, пра самаахвярны подзвіг народа, які паўстаў на барацьбу з фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны і не скарыўся перад страшнай навалай. І колькі б часу ні прайшло, нашчадкі салдат Перамогі будуць бязмерна ўдзячны сваім дзядам і прадзедам за мірнае неба над галавой, магчымасць жыць і працаваць на вольнай зямлі. Ганарыцца сваім продкам –Іванам Пятровічам Марза – і вучань 7 «Д» класа СШ №2 г. Лунінца Мікалай Ярмольчык, які даслаў у рэдакцыю фотаздымкі свайго прадзядулі і невялічкі аповяд пра роднага чалавека.

“Іван Пятровіч нарадзіўся ў прыгожай вёсачцы Дрэбск у далёкім 1917 годзе. Яго дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі пры панскай Польшчы. У зусім маладым узросце пайшоў служыць у польскае войска. Калі пачалася Другая Сусветная вайна, трапіў у фашысцкі палон. Нават страшна ўявіць, якія катаванні і нечалавечыя здзекі яму давялося там вынесці. Але ён не скарыўся, мужна прайшоў праз усе выпрабаванні, што былі наканаваны лёсам. Паводле захаваўшыхся дакументаў, я даведаўся, што Іван Марза быў прызваны на службу Ваўкавысцкім райваенкаматам Беластоцкай вобласці 6 лютага 1945 года, – паведамляе ў сваім лісце Мікалай Ярмольчык. – Ён быў стралком, ваяваў у 32 асобным палку сувязі. У адным з кровапралітных баёў быў паранены асколкам у плячо. Працяглы час знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі, які размяшчаўся ў польскім горадзе Ловіч. У сямейным архіве захаваўся чорна-белы, пажаўцеўшы ад часу, але такі дарагі фотаздымак, на якім мой прадзядуля сфатаграфаваны са сваімі таварышамі. Якое шчасце, што ён выжыў у той крывавай віхуры бязлітаснай вайны. Дзякуючы яму я сёння маю магчымасць жыць, вучыцца, марыць. Я вельмі ганаруся сваім мужным продкам, які самааддана любіў сваю Радзіму. У Івана Пятровіча шмат узнагарод. Сярод самых дарагіх: ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, ганаровы знак “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1976 года”, а таксама юбілейныя медалі. У мірны час усё сваё жыццё прадзядуля прысвяціў калгасу “Маяк камунізму”, у якім ён працаваў жывёлаводам, а потым брыгадзірам. Івана Пятровіча вельмі паважалі аднавяскоўцы, і ён нікому ніколі не адказваў у дапамозе ні слушнай парадай, ні добрай справай”.

У сям’і Мікалая, бацька якога маёр, свята шануюць памяць пра Вялікую Айчынную вайну і слова патрыятызм для падлетка, які таксама ў будучыні хоча стаць ваенным, не пусты гук.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть