Святыня, што сагравае ўспамінамі…. Спецпраект «Сямейная рэліквія» (Лунінецкі раён)
МикашевичиНовости районаОбществоСЕМЕЙНАЯ РЕЛИКВИЯ

Святыня, што сагравае ўспамінамі…. Спецпраект «Сямейная рэліквія» (Лунінецкі раён)

У нашым доме ганаровае месца займае абраз Святой Багародзіцы са Збавіцелем на руках. Глядзіць на нас, быццам хоча нешта расказаць, ад чагосьці абараніць.

Мае продкі мелі моцную сям’ю і добрую  гаспадарку. Прадзед працаваў інжынерам-будаўніком. Але раптам пачалася Вялікая Айчынная вайна. Пра-дзеда прызвалі ў Чырвоную армію. Разам з бацькамі прабабуля, цяжарная, засталася дома. Яна звяртала свае малітвы да Багародзіцы. Гэтым абразам благаслаўляла сваю дачку на шлюб. У самыя цяжкія хвіліны Божая Маці ратавала ад голаду, калі мянялі каштоўныя рэчы на ежу, і дапамагала выжыць.

Восенню 1941 года прабабуля нарадзіла сына. Лістоў з фронту не атрымлівалі, таму што мясціны, дзе пражывалі, былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Аднойчы сям’я апынулася без даху, бо ў дом засяліліся ворагі. Пры адступленні яны наогул спалілі хату…

Прадзед узводзіў абарончыя збудаванні па ўсёй лініі фронту. Да яго дайшла вестка, што дом і сям’ю спалілі. Пасля Перамогі разам з саслужывіцай, у якой родныя загінулі ў блакаду, асталяваўся паблізу паўночнай сталіцы.

Прабабуля чакала мужа. Выпадкова даведалася, дзе ён… Узяла маленькага сыночка, ікону і паехала ў Ленінградскую вобласць. Калі прадзед убачыў жонку і сына, заплакаў, папрасіўшы прабачэння ў абедзвюх жанчын.

Сям’я вярнулася на малую радзіму. Хутка былы воін пабудаваў новы дом. Прабабуля звярталася да Божай Маці са словамі ўдзячнасці за кожны пражыты дзень. Нарадзіліся яшчэ дзве дачкі, у тым ліку – мая бабуля. Ёй далі імя Марыя. Калі выходзіла замуж, прабабуля благаславіла яе на шлюб гэтай іконай, што пазней перайшла да маёй матулі.

З душэўным хваляваннем гляджу на лік Божай Маці і Збавіцеля. Дакранаюся да іконы – і адчуваю цяпло і радасць, таму што ў гэтай святыні – лёсы некалькіх пакаленняў маіх продкаў.

Максім КРАСНІКЕВІЧ, вучань Любанскай СШ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть