Сяргей Злотаў з Лунінца за 10 дзён праехаў 1800 кіламетраў вакол Беларусі
МикашевичиНовости районаОбществоЗдоровьеСпорт

Сяргей Злотаў з Лунінца за 10 дзён праехаў 1800 кіламетраў вакол Беларусі

Вядучы інжынер электрасувязі Сяргей Злотаў з Лунінца зусім нядаўна ажыццявіў амбіцыйную ідэю – аб’ехаць вакол Беларусі. Без малога 1800 кіламетраў на веласіпедзе, начоўкі на прыродзе, сустрэчы з мясцовымі жыхарамі і… жывёламі – на 10 дзён мужчына акунуўся ў беларускую прыгажосць.

Сваю велавандроўку Сяргей планаваў значна загадзя: вызначыў маршрут яшчэ летась. Аднак, работа ўнесла некаторыя карэктывы, таму давялося адказацца ад некалькіх запланаваных кропак. А па ходу руху таксама нямнога мяняў курс, улічваючы надвор’е і дарожную абстаноўку.

– Спачатку хацеў “пракаціцца” няспешна, палюбавацца прыгажосцю краявідаў, адпачыць. Аднак, месцамі давялося паскарацца, паколькі трэба было вярнуцца да пачатку спаборніцтваў “Kasperski race” – на іх зарэгістраваўся даўно і прапускаць сустрэчу з аматарамі зусім не хацелася. Таму штодня пераадольваў 200 і больш кіламетраў. 

Па маршруце заязджаў у абласныя цэнтры. У кожным рабіў фотаздымкі на фоне знакавых мясцін.

– У нас столькі прыгожых мясцін! Калі б было больш часу, абавязкова наведваў бы невялікія, але цікавыя населеныя пункты. Такія сустракаліся ў мяне па дарозе. Калі выдавалася магчымасць, абавязкова спыняўся.

На многіх участках дарогі, па словах падарожніка, яго актыўна віталі аўтамабілісты.

 – Вельмі прыемна было, – падкрэслівае Сяргей. – А вось вадзіцелі зерневозаў і аўтобуснікі часам стваралі небяспечныя сітуацыі. Ну, і з імі “знаходзіў агульную мову”. Колькі жывёл па дароге пабачыў, лес суправаджаў часта, свежае паветра. Прыгажосць!

Важная частка падарожжа і адна з самых займальных – зносіны з мясцовымі жыхарамі.

 – Недзе пад Брэстам да мяне падыйшоў дзед. Не алкаш, не бадзяга. Звычайны стары вясковец. Папрасіў 20 капеек. Выграб дробязь, якая была і аддаў яму. Той падзякаваў і пажадаў, каб уся дарога была добрай. Цікава, што ўсё так і атрымалася. Прыгадаўся і ранейшы выпадак, калі з сям’ёй некалькі год таму адпраўляліся на адпачынак у Крым. Тады таксама падышоў стары і папрасіў 20 капеек. Яго пажаданне – “толькі зялёнага святла” суправаджала ўсю дарогу. Як тут не паверыш у супадзенні?!

 – Задам, мабыць, стандартнае пытанне, ці не страшна?

 – Для начовак выбіраў спакойныя месцы. Хаця, аднойчы, хацеў спыніцца ў вёсцы Ваўкі. Ды вырашыў праехаць некалькі кіламетраў наперад. Нашы продкі не давалі выпадковых назваў сваім населеным пунктам. А баяцца чаго? Трэба проста прывыкнуць да розных шоргатаў у лесе, гукаў жывёл і птушак. Баяцца няма чаго: людзям ад цябе патрэбны хіба што грошы, жывёлам – ежа. Яны не ўяўляюць пагрозы для нашага жыцця. Тваё жыццё нікому не патрэбна, акрамя цябе самога.

– Гэта жыццёвае крэда?

– Гэта, хутчэй, самаадчуванне. Калі адпраўляўся ў такую працяглую паездку, перш за ўсё, хацеў адчуць, дзе мяжа маіх магчымасцей. Здаецца, да яе яшчэ не дайшоў. Хаця, прызнацца, былі моманты, калі хацелася спыніцца на бліжэйшай чыгуначнай станцыі і вярнуцца ў Лунінец на цягніку. Перасільваў сябе і адпраўляўся ў далейшы шлях.

– Як, наогул, прыйшлі да такога захаплення?

– Можна сказаць, падштурхнуў каронавірус. Тады абмяжоўваліся перамяшчэнні, зносіны. Падчас хваробы адпраўляўся на Прыпяць на веласіпедзе, каб лягчэй дыхаць, каб распрацоўваць лёгкія. І гэтыя паездкі так захапілі, што пазней пачаў трэніравацца больш інтэнсіўна. Падпісаўся на вядомых велаблогераў, стаў сачыць за іх тактыкай, прыслухоўвацца да парад. А пазней паспрабаваў удзельнічаць у спецыялізаваных спаборніцтвах.

– Ёсць мара заняць першае месца?

– Ніколі не ставіў сабе такой мэты. Тым больш, узрост і фізічная падрыхтоўка ўжо не тая… Удзел у спаборніцтвах – гэта хутчэй магчымасць сустрэцца з такімі ж аматарамі, паназіраць за іх яздой, у нечым параіцца, нешта “змаляваць” для сябе на будучае.

– Што параіце тым, хто толькі пачынае асвойваць веласіпед?

– З непрывычкі першыя пару дзён цяжка круціцца. Варта старанна трэніравацца, есці нармальную ежу і мець добры настрой. З запчасткамі і парадамі мне дапамагаў Дзмітрый Труноў, яго магазін знаходзіцца ў нас у горадзе. Адзначу, што пры вандроўках на веласіпедзе абавязкова неабходна мець люстэрка, запасную камеру, помпу, ключы, паўэрбанк, дадатковы кабель і трайнік, – пералічвае Сяргей Злотаў. – Усяго – па-мінімуму і толькі самае неабходнае. Веласіпед – не аўтамабіль. Многа грузу цягнуць не зможаце. Самае ж неабходнае – добры настрой: з дрэнным дадому хутка вернешся. Яшчэ адзін выпадак прыгадваю, спыняе супрацоўнік ДАІ, прадстаўляецца: “Капітан…”. А я яму ў адказ: “Капітан запасу Злотаў”. І агульную мову знайшлі, і пажартавалі. Капітаны ж.

– Пасля падарожжа – на спаборніцтвы? Складана?

– Прыемна, што колькасць аматараў, у тым ліку з нашага раёна, павялічваецца. На самай працяглай дыстанцыі “Kasperski race” – 160 кіламетраў, сёлета ўдзельнічаў і Генадзь Капліч з Мікашэвіч.

– А што далей?

– Я чакаў гэтага пытання. Адмаўляцца ад велапаходаў адназначна не збіраюся, як і ад удзелу ў спаборніцтвах. Загадваць жа больш глабальна пакуль не буду. Аднак, хто ведае, што за зіму надумаю.

Гутарыў Аляксандр КОЎКА.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть