Тэрыторыя міру, ведаў, натхнення ў Лунінцы!
МикашевичиНовости районаОбществоМолодежьОбразование

Тэрыторыя міру, ведаў, натхнення ў Лунінцы!

Тэрыторыя міру, ведаў, натхнення — менавіта такой можна смела назваць сярэднюю школу №4 г. Лунінца. Для калектыву на чале з дырэктарам Наталляй ЦЯЛЬПУК Дзень настаўніка – не проста дата ў календары. Гэта свята ўдзячнасці, павагі і гонару за тых, хто штодня адкрывае дзецям свет ведаў, дапамагае марыць, верыць і дзейнічаць.

– Школа адчыніла свае дзверы ў 1989 годзе, – расказвае Наталля Аляксандраўна. – З тых часоў яна не стаіць на месцы, а мяняецца, абнаўляецца, пашырае гарызонты. Сёння мы з намеснікамі Людмілай Трухновай, Святланай Кіцэнка, Аленай Малашчыцкай, Людмілай Курчэня і Таццянай Каховіч спалучаем традыцыі і інавацыі, надаем увагу кожнаму вучню, вядзем яго да высокіх вынікаў. А два гады таму навучальнай установе прысвоілі ганаровы статус “Школа міру”. Сёлета на тэрыторыі заклалі яблыневы “Сад міру” – жывы помнік, які вясной зацвіце, а восенню нагадвае: свет пачынаецца з каранёў. Устаноўлена Зорка Перамогі, уладкавана экалагічная сцяжынка.

На дадзены момант тут вучацца 826 хлопчыкаў і дзяўчынак. Самыя старэйшыя з іх могуць выбраць класы з паглыбленым вывучэннем прадметаў, інжынерныя і ваенна-патрыятычныя групы. Функцыянуюць 9 класаў інтэгрыраванага навучання і выхавання, створана безбар’ернае асяроддзе, што пацвяр-джае: наша школа – прастора роўных магчымасцей. З 1 верасня ўдзельнічаем у інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання крэатыўнага мыслення малодшых школьнікаў у кантэксце фарміравання функцыянальнай пісьменнасці”. Педагогі Ларыса Скіба, Людміла Арашкевіч і Алена Грушэў-ская ператвараюць урокі пачаткоўцаў у майстэрні ідэй, дзе кожнае дзіця – вынаходнік. А яшчэ мы пашыраем гарызонты: навучэнцы маюць магчымасць вывучаць кітайскую мову на факультатыўных занятках. Гэта крок у будучыню, які адчыняе дзверы да новых культур, магчымасцей і міжнародных зносін.

Нельга не прыгадаць ваенна-патрыятычны клуб “Аэрадромшчык” – сапраўдная ўзлётная паласа для юных патрыётаў, якія цікавяцца гісторыяй, тэхнікай і служэннем Радзіме. Актыўна дзейнічаюць дзіцячыя і маладзёжныя грамадскія арганізацыі, сярод якіх – валанцёрскі атрад “Надзея”. Дзеці пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Юліі Сангінавай удзельнічаюць у дабрачынных акцыях, дапамагаюць пажылым, ла-дзяць мерапрыемствы, напаўняючы будні добрымі справамі.

Наша візітная картка – прылягаючая тэрыторыя: дагледжаныя клумбы, чыстыя дарожкі, утульныя куткі. Усё гэта – заслуга творчай групы настаўнікаў у складзе Людмілы Бірыла, Валянціны Жаўнерык, Алены Мяцеліца, Галіны Яворскай. Штогод прымаем удзел у конкурсах па добраўпарадкаванні і займаем прызавыя месцы. Сёлета ўдастоены дыплома I ступені ў конкурсе “Выдатней стане Брэстчына мая”. А яшчэ наш калектыў выступае за здаровы лад жыцця. Трэцяе месца ў раённай спартакіядзе дасягнута, дзякуючы намаганням выкладчыкаў фізкультуры Мікалая Кузьміча, Міхаіла Санюковіча, Антона Макоўскага, Наталлі Коваль і Міхаіла Брэзіна.

Гонар настаўнікаў – дзеці! Наша выпускніца Кацярына Зылевіч атрымала два сертыфікаты з абсалютным вынікам па гісторыі Беларусі (педагог Лілія Гоман) і англійскай мове (Таццяна Каховіч). Акрамя Таццяны Канстанцінаўны, выдатныя веды ў вобласці дэманстравалі алімпіяднікі, падрыхтаваныя Наталляй Скіба (фізіка) і Антанінай Гопта (працоўнае навучанне). Вельмі прыемна, што некаторыя выпускнікі, атрымаўшы адпаведную адукацыю, вяртаюцца ў калектыў у якасці педагогаў. Такіх у нас каля 20 чалавек, а ёсць цэлыя дынастыі! Удзячным словам прыгадваем і ветэранаў, якія з’яўляюцца частымі гасцямі на мерапрыемствах. І хаця яны не стаяць больш каля дошкі, але іх галасы – у інтанацыях маладых выкладчыкаў, іх почырк – у сшытках вучняў, клопат – у школьных сценах. Іх парады цэняць, а ўспаміны слухаюць з інтарэсам.

Запісала Наталля ГРУДЗЬКО.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть