У Лунінецкім раёне выратавалі бусляня
МикашевичиНовости районаОбществоЭкологияПроисшествия

У Лунінецкім раёне выратавалі бусляня

У панядзелак, 18 ліпеня, у рэдакцыю “Лунінецкіх навін” патэлефанавала жыхарка Краснай Волі Ганна Нікалаевіч. Жанчына расказала, што ў аграгарадку на вуліцы Міра побач з праваслаўным храмам з буслянкі выпаў малыш. Шкадуючы кволую птушку, вяскоўка прасіла дапамагчы вырашыць сітуацыю.

Просьбу Ганны Адамаўны перадалі ў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яе начальнік Аляксандр Шкут, нягледзячы на тое, што знаходзіўся ў чарговым водпуску, не адмовіў пасадзейнічаць. У той жа дзень пасля абеду паведаміў, што бусляня зноў на прывычным месцы:

– Звязаліся з работнікамі электрасетак, якія прыехалі і з дапамогай аўтавышкі пасадзілі птушку ў гняздо. Падкрэслю, што іншы раз буслы свядома выкідваюць патомства. Спадзяюся, што гэта гісторыя не з такіх.

Ганна Нікалаевіч шчыра дзякавала за чалавечнасць і дабрыню, якія людзі праявілі да галоўных сімвалаў Беларусі. Як расказаў галоўны інжынер раёна электрасетак Андрэй Захаркевіч, бусляня выратавалі машыніст аўтавышкі Міхаіл Лагвіненка, электраманцёры Міхаіл Ванюк і Аляксандр Калянковіч, майстар Віталь Казлоўскі (на здымку).



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть