Віктар Макаед з Лунінца: "Армія сапраўды запамінаецца назаўсёды"
Армія сапраўды запамінаецца назаўсёды і ўвасабляе сабой чарговы віток у самастойнасці. У гэтым пераканаўся лунінчанін Віктар МАКАЕД (на здымку – з мамай), які вярнуўся дамоў пасля тэрміновай ваеннай службы.
Нашым земляком юнак стаў параўнаўча нядаўна. Так сталася, што яго сям’я пераехала з Украіны ў 2015 годзе: спачатку бацька (ён родам з нашых мясцін), затым матуля з сястрой і, урэшце, сам хлопец. У снежні 2021-га малады чалавек атрымаў беларускае грамадзянства. А ўжо ў маі стаў навабранцам вайсковай часці ў самай буйной механізаванай брыгадзе ў рэспубліцы, якая дыслацыруецца ў Слоніме.
– У свой час тата служыў у марфлоце, таму і я для сябе цвёрда вызначыў, што таксама пайду ў армію, – прызнаўся Віктар. – Трапіў у войскі неадкладнага рэагавання. Запомнілася ўрачыстасць з нагоды прысягі, на якую прыязджалі блізкія. Было цяжка, асабліва першыя тры месяцы. У той перыяд ахоўвалі дзяржаўную мяжу нашай краіны. Затым прывык да строгага распарадку дня, дысцыпліны, заняткаў і палявых выхадаў. Набыў спецыяльнасці старшага наводчыка АГ-17 і камандзіра гранатамётнага аддзялення. У падпарадкаванні былі 7 чалавек. Як і іншыя таварышы, дапамагаў маладому папаўненню, падказваў, навучаў. Кіраўніцтва заўважыла мой аўтарытэт і выкананне пастаўленых задач. Праз год прысвоілі званне малодшага сяржанта, а яшчэ пазней – сяржанта. Прыехаў у водпуск і зрабіў прапанову рукі і сэрца нявесце. Дзяўчына родам з Мікашэвіч. З Янай мы пазнаёміліся ў магазіне. Дарэчы, перад арміяй я паспеў атрымаць дыплом прадаўца ў політэхнічным каледжы.
Расказаў Віктар і аб сваіх дасягненнях. Сёлета юнак удзельнічаў у спаборніцтвах па бегу на дыстанцыю 3 кіламетры. Прадэманстраваўшы выдатныя вынікі, увайшоў у склад каманды падраздзялення 11-ай асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. З іншымі ваеннаслужачымі актыўна рыхтаваўся да 5-кіламетровага марш-кідка ў поўнай экіпіроўцы на прызы старшыні Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У кастрычніку забег адбыўся, і яны занялі ганаровае першае месца! Адметным аказаўся і дзень звальнення ў запас, калі батальён паднялі па трывозе. Здавалася б, можна ўжо расслабіцца, але не было калі – ён заставаўся ў страі і нёс службу да апошняга. За добрую школу сталення, якой лічыць армію, дзякуе сваім камандзірам – капітану Паўлу Ільючыку і старшаму прапаршчыку Міхаілу Котаву.
У планах Віктара Макаеда – наладзіць асабістае жыццё, вызначыцца з далейшай кар’ерай. А тым, хто толькі збіраецца выканаць свой воінскі абавязак, зычыць паболей смеласці, не баяцца цяжкасцей. Ніякіх адносін па-за воінскім статутам няма. А ўсё, што незразумела, можна высветліць у камандзіраў і баявых таварышаў. Яны заўсёды падтрымліваюць.
Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ. Фота з архіва.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram