Якасць і «АСАБЛІВЫ» смак прадукцыі Лунінецкага МЗ
«Малочная кропелька», «Белая карова», «АСАБЛІВАЕ» – гандлёвыя маркі прадукцыі ААТ «Лунінецкі малочны завод» даўно палюбіліся спажыўцам, якія адзначаюць яе натуральнасць, высокую якасць і незабыўны смак. А яшчэ яна выпускаецца пад брэндамі ГА «Кіруючая кампанія холдынга «Канцэрн Брэстмясамалпрам» – «Золата Палесся» і «Любімы Брэст». І ўвесь час лунінецкая малочка карыстаецца народнай любоўю. Расказвае дырэктар завода Мікалай БАХАНЮК:
- Асноўны прыбытак сёлета атрыманы ад экспарту. У параўнанні з 2023 годам гэтыя пастаўкі павялічыліся на 35 працэнтаў. Сярод краін, куды адпраўляецца лунінецкая малочка – Расійская Федэрацыя, Кітай, Азербайджан, Узбекістан, Казахстан, Грузія, Арменія.
Паралельна з развіццём вытворчых магутнасцей, павялічваецца асартыментны пералік. Сёлета ў новым дызайне пачалі выпускаць крэм сметанкова-тварожны “Мечта”, ёгурты “Яблык-банан-мюслі”, “Манга” і “Лясная ягада” з масавай доляй тлушчу 2,5%. З’явіліся навінкі і ў лінейцы “Асаблівае” – ёгурты з масавай доляй тлушчу 2,1% “Лімон-чыа”, “Журавіны”, “Яблык са смакам карамелі”. Усе яны ўдастоены дыпломаў І ступені ў намінацыі “Здаровае харчаванне” конкурсу “Чэмпіён смаку” на выставе “Белагра-2024”. Іх адзначылі і на міжнародным форуме-выставе “Трэйд Дыялог”. Тут інавацыйная прадукцыя атрымала дыпломы І ступені конкурсу-дэгустацыі “Лепшы смак” у намінацыі “Малочныя прадукты”.
Увогуле, у прадпрыемства цэлая калекцыя ўзнагарод: грамат, падзячных лістоў, дыпломаў рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і спаборніцтваў. У бліжэйшых планах – прыняць удзел у Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці і пацвердзіць высокі статус. Штогод прадукцыя завода дэманструецца на галіновых выставах і кірмашах – “Белагра”, “Белпрадукт”, “Продэкспа”, “Трэйд Дыялог”, InterFood (Азербайджан), UzFood (Узбекістан), China International Import Expo (Кітай).
Пастаянна сочым за новымі тэндэнцыямі ў малочнай вытворчасці, значную ўвагу надаем мадэрнізацыі. Напрыклад, сёлета запусцілі высокаэфектыўны паравы кацёл з кандэнсацыйным эканомайзерам. Ён дазволіць дасягнуць гадавой эканоміі ў 545 тон умоўнага паліва. Абнавілі ёмістасці для прамежкавага захоўвання пастэрызаванага абястлушчанага малака, набылі рэзервуар аб’ёмам 75 кубаметраў для захоўвання сыравіны. Аўтамабільны парк папоўніўся двума аўтамабілямі з ізатэрмічным кузавам для дастаўкі гатовай прадукцыі.
Таксама ў нас амбіцыйныя планы на будучае. Да 2027 года ў рамках праграмы “Адзін раён – адзін праект” будзе пабудаваны цэх сухіх малочных прадуктаў з глыбокай перапрацоўкай малака.Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта дазволіць павялічыць асартымент выпускаемай прадукцыі, у прыватнасці, сухіх прадуктаў, і нарасціць аб’ём перапрацоўваемай сыравіны з 300 да 400 тон у суткі.
Залог нашага агульнага поспеху – адданасць і стараннасць цяперашніх работнікаў і традыцыі, закладзеныя ветэранамі працы. Кожнаму з іх напярэдадні прафесійнага свята зычу моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Няхай і надалей радуе ўсіх “АСАБЛІВЫ” смак нашай якаснай прадукцыі!
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram