З 80-годдзем Вялікай Перамогі!
Дарагія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны! Паважаныя жыхары Лунінецкага раёна! Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў прыміце самыя шчырыя віншаванні з 80-годдзем Вялікай Перамогі!
Незабыўны дзень 9 мая 1945 года ўвайшоў у гісторыю яркімі эпізодамі ўсеагульнай радасці, громам артылерыйскіх залпаў, якія абвясцілі свету аб заканчэнні Вялікай Айчыннай вайны, аб Перамозе савецкага народа над фашысцкай Германіяй.
Дзень Перамогі заўсёды будзе нагадваць пра тое, што давялося перажыць людзям у той суровы час. Мы памятаем пра тых, хто ішоў у баях насустрач смерці ў імя выратавання Радзімы, пра тых, хто сваёй гераічнай працай у тыле набліжаў перамогу, пра тых, хто ўзнімаў краіну з руін. Гэта дзень нашай агульнай Памяці. Гэта Дзень Вялікага Подзвігу. Ён – у кожным з нас.
Самыя цёплыя віншаванні і словы ўдзячнасці мы адрасуем ветэранам – франтавікам, працаўнікам тылу, вязням фашысцкіх лагераў – усім, хто на сваіх плячах вынес нягоды ваеннага ліхалецця. Вы ўсе – пакаленне пераможцаў. Для нас, нашчадкаў Вялікай Перамогі, ваша самаадданае служэнне Айчыне – яркі прыклад стойкасці, мужнасці і гераізму.
У гэтае ўсенароднае свята воінскай Славы жадаем дарагім нашым ветэранам і ўсім жыхарам Лунінеччыны шчасця, здароўя, доўгіх гадоў жыцця, увагі і любові блізкіх людзей, мірнага неба і радасных дзён! Дастатку і дабрабыту вашым сем’ям!
З Днём Вялікай Перамогі!