З любоўю да кнігі і да сваёй спадчыны ў Лунінецкім раёне, альбо Адкуль бярэ выток ручаёк народнай мудрасці
Як хлопчыкаў і дзяўчынак праз сваю спадчыну далучыць да кнігі, добра ведаюць супрацоўнікі Лунінецкай цэнтральнай раённай дзіцячай бібліятэкі на чале з яе загадчыкам Аленай Яскевіч, якім майстэрства і крэатыву не займаць!
Тут умеюць знайсці не толькі новыя і цікавыя, але, што самае галоўнае, дзейсныя формы работы, прывіваючы падрастаючаму пакаленню любоў да чытання, народных традыцый, мясцовых абрадаў, культуры беларускага народа. Кожнае мерапрыемства, якое ладзіцца ў сценах скарб-ніцы кніг, праходзіць не толькі пазнавальна для падлеткаў, але і з асаблівай “разыначкай”, і ні ў якім разе не для галачкі. Адчуваецца, што ў кожнага маленькага чытача работнікі дзіцячай бібліятэкі ўкладваюць усю сваю душу.
Вось і нядаўна няўрымслівая Алена Дзянісаўна – захавальніца песенна-фальклорнай спадчыны Лунінецкага раёна, распачала новы ўнікальны праект пад назвай “Сонцазварот”.
– Вырашылі зрабіць яго ў форме народнага відэакалендара, – гаворыць Алена Яскевіч. – Для гэтага спецыяльна здымаем ролікі, якія потым можна паглядзець на ютуб-канале раённай цэнтральнай бібліятэкі. Ужо выйшла некалькі такіх відэа-сюжэтаў, і, што самае галоўнае, у іх абавязкова прымаюць удзел юныя чытачы. А паказаць і расказаць нам ёсць пра што! Традыцыйная культура, асабліва палешукоў, настолькі багатая і аўтэнтычная, заснаваная на мудрасці продкаў, аздобленая самабытнымі абрадамі, да якіх вельмі хочацца далучыць і нашу моладзь. Каб яны не згубіліся ў гэтым мітуслівым свеце, а ведалі адкуль іх карані, як калісьці жылі і адзначалі тыя ці іншыя святы іх папярэднікі, пра што яны марылі і як бавілі свой вольны час. Адкрылі праект паказам велічнага і аднаго з самых важных святаў – Раства Хрыстова.
Адметнасць “Сонцазварота” яшчэ і ў тым, што Алена Дзянісаўна разам з калегамі не толькі ярка паказваюць абрадавую дзею, аздабляючы яе старадаўнімі песнямі, прыказкамі ды прымаўкамі, але і расказваюць пра вобразы і персанажы, якія характэрны менавіта для нашага краю. Напрыклад, вельмі спадабаліся дзетвары “Святыя Калядкі” з каларытнымі Казой ды Мядзведзем, у якіх пераўвасобіліся бібліятэкары Ала Радзюк і Ніна Самандык. Людміла Данілкіна ў выглядзе цыганкі весяліла хлопчыкаў і дзяўчынак, якія з зачараваннем глядзелі на сапраўдную Калядную зорку, што калісьці па хатах насілі калядоўшчыкі. У лютым на Грамніцы адзначылі дзень сустрэчы зімы з летам. У абрадзе з задавальненнем паўдзельнічалі вучні 5 “Г” класа СШ №4 г. Лунінца разам з настаўніцай Алёнай Рыбаковай. Дзеці даведаліся пра абавязковы атрыбут свята – грамнічныя свечкі, “жывы” агонь якіх засцерагае чалавека ад злога і нядобрага, а яшчэ развучылі абрадавыя песні і згулялі ў “Ручаёк”. Смачным пірагом з буякамі ад шчырага сэрца ўсіх частавала ветлівая гаспадыня Алена Дзянісаўна. А вось зусім нядаўна – на Саракі – гукалі вясну і віталі прылёт птушак. Сімвалічных жавароначкаў з поснага цеста выпякла загадчык дзіцячай бібліятэкі, якіх на ручнічку хлопчыкі і дзяўчынкі дружна падкідалі ўгору, спявалі адмысловыя песні, вельмі прыгожыя і напеўныя. Асабліва хораша гэта атрымлівалася ў цудоўнага выканаўцы з Дзятлавіч Мікалая Яскевіча, які разам з дзецьмі выводзіў мілагучныя словы з вядомай песні: “Жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце…”. Правялі старадаўні рытуал, падчас якога ўпрыгожвалі бярозку рознакаляровымі стужачкамі і папяровымі птушачкамі, спяваючы вяснянкі.
Мерапрыемства прайшло на адным дыханні, вельмі цёпла і ўтульна, падарыла безліч станоўчых эмоцый і цудоўны настрой. А яшчэ – жаданне зноўку наведаць бібліятэку, дакрануцца да жыватворнай крыніцы мудрасці народнай.
– Такога кшталту каляндарныя сустрэчы плануецца ладзіць на працягу ўсяго года, – тлумачыць Алена Дзянісаўна. – Кожны месяц адметны на свае даты, падзеі. Галоўнае – зацікавіць, прыцягнуць моладзь, адарваць яе ад гаджэтаў, паказаць, наколькі займальна і змястоўна можна не толькі правесці час, але і даведацца пра нешта новае.
Падарожжа па народным “Сонцазвароце” працягваецца, а бібліятэкары з нецярпеннем чакаюць маленькіх наведвальнікаў, каб разам з імі адкрываць таямніцы новага і нязведанага свету.
Кацярына Яцушкевіч. Фота з архіва раённай дзіцячай бібліятэкі.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram