З пачатку года ў Лунінецкім раёне здзейснена 21 злачынства ў адносінах пажылых людзей
Не сакрэт, што людзі пенсійнага ўзросту з’яўляюцца самымі неабароненымі ад злачынных замахаў. Наша мэта – не дапусціць у адносінах да іх супрацьпраўных дзеянняў, своечасова абараніць, папярэдзіць і засцерагчы. У гэтым павінны ўдзельнічаць прадстаўнікі ўсіх службаў: сацыяльныя работнікі, старасты населеных пунктаў, работнікі сельвыканкамаў і ЖКГ, паштальёны, супрацоўнікі РАНС і г.д.
За тры месяцы з пачатку года на тэрыторыі раёна ў адносінах пажылых людзей учынена 21 злачынства. Гэта на 5 больш, чым за аналагічны перыяд 2021-га. Так, у Мікашэвічах пажылы мужчына атрымаў траўмы галавы ад удараў, нанесеных бутэлькай віна нецвярозым гараджаніным. У Лахве шырокі рэзананс мела забойства сямейнай пары, якое ўчыніў сын. Сам ён скончыў жыццё самагубствам.
Аднак, найчасцей рэгістраваліся крадзяжы. Варта адзначыць, што больш за палову з іх учынены шляхам свабоднага доступу. Неабачліва пакідаючы адчыненымі ўваходныя дзверы, гаспадары даюць магчымасць злачынцам бесперашкодна пранікаць у сваё жыллё, гаспадарчыя пабудовы і ўчыняць незаконныя дзеянні.
Так, лунінчанка і жыхарка Мікашэвіч засталіся без веласіпедаў, пакінуўшы іх без нагляду. У Велуце злачынцы паквапіліся на шліфавальную машынку і іншыя інструменты, у Дзятлавічах – на спіртное, цыгарэты і прадукты харчавання, у Міжлессі – на тэле-візар, электрапрыборы і іншыя рэчы на суму больш як 1000 рублёў, у Лунінцы – аўтамабіль “Аўдзі-100”… Зарэгістравана таксама спісанне грашовых сум з картак пажылых людзей на суму каля 5000 рублёў.
Зберагчы сваю маёмасць дапаможа выкананне элементарных правілаў:
– выходзячы з дому, не пакідайце адчыненымі вокны, фортачкі і дзверы балконаў;
– не ўпускайце ў кватэру незнаёмых людзей;
– устанавіце металічныя ўваходныя дзверы з трывалымі замкамі.
Але самым надзейным гарантам захаванасці маёмасці з’яўляецца абсталяванне жылля і гаражоў ахоўнай сігналізацыяй.
Грамадзяне, якім неабыякава жыццё і здароўе блізкіх, стан правапарадку на тэрыторыі раёна, могуць ананімна паведаміць аб усіх падобных, а таксама фактах насілля ў адно-сінах да пажылых людзей, пагрозы іх жыццю і здароўю, незаконнага гандлю спіртаўтрымліваючымі вадкасцямі па тэлефонах: 2-32-24 або 102.
Аляксандр ВЯРЭНІЧ, намеснік начальніка РАУС.