Завяршылася падрыхтоўка навабранцаў у 56-ым зенітным ракетным палку (Лунінецкі раён)
Завяршылася падрыхтоўка навабранцаў у 56-ым зенітным ракетным палку, які знаходзіцца ў Лунінецкім раёне.
За кароткі час юнакі, якія прыбылі на службу з Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, вывучылі абавязкі ваеннаслужачых, агульнае ўстройства, баявыя ўлас-цівасці і парадак прымянення аўтамата Калашнікава, а таксама гісторыю, баявыя і сучасныя традыцыі вайсковай часці. Усе без выключэння навабранцы не толькі паспяхова адаптаваліся да армейскага жыцця і прынялі ваенную прысягу, але і адправіліся для праходжання далейшай службы ў падраздзяленні. Цяпер разам з іншымі ваеннаслужачымі ў складзе баявых разлікаў яны будуць выконваць задачы па ахове дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы. А перад гэтым вытрымалі кантрольны занятак, дзе прадэманстравалі практычныя навыкі па прадметах навучання. З найлепшага боку сябе праявілі радавыя Алег Аўхім і Кірыл Кладзько.
– Служыць падабаецца. Думаў, што будзе цяжэй, – адзначае Алег, які да прызыву працаваў прадаўцом-кансультантам у Гродна. – З прадметаў, якія здавалі на кантрольным занятку, больш за ўсё спадабалася агнявая падрыхтоўка. Тым больш, што выдатна патрапіў па ўсіх мішэнях. Значную дапамогу падчас праходжання курсу маладога байца аказвалі камандзіры аддзяленняў, а таксама камандзір узвода старшы лейтэнант Раман Драчоў. Не думаў ніколі раней, што звяжу далейшае жыццё з армейскай службай, а цяпер “прыцэньваюся”.
Кірыл Кладзько родам з Ганцавіч. Пасля вучобы ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце па размеркаванні працаваў выкладчыкам фізкультуры ў Нясвіжы. Адтуль і быў прызваны на тэрміновую службу.
– Уменні і навыкі, набытыя за тры тыдні на занятках, дазволяць з упэўненасцю абараняць сваю Радзіму, а гэта – наш галоўны абавязак на бліжэйшы час! – з гонарам падзяліў-ся Кірыл.
Дзякуй вам, юнакі, за патрыятычны настрой і імкненне забяспечваць наш спакой. Дзякуй бацькам за выхаванне сапраўдных грамадзян нашай краіны. А на старонках “Лунінецкіх навін” мы і далей будзем знаёміць з землякамі, якія цяпер праходзяць тэрміновую службу.
Аляксей КАВАЛЁЎ.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram