Зберагчы дзяцей і навучыць правілам бяспекі – задача дарослых (Лунінецкі раён)
У перыяд канікул значна ўзрастае рызыка ўзнікнення пажараў па прычыне дзіцячага свавольства з агнём. Ды і на вадаёмах іншы раз з хлопчыкамі і дзяўчынкамі здараецца бяда. Каб прадухіліць падобныя сітуацыі, на Лунінеччыне актыўна ідзе прафілактычная акцыя.
У чэрвені работнікі РАНС надавалі вялікую ўвагу летняму адпачынку навучэнцаў: наведалі прышкольныя і аздараўленчыя лагеры, а таксама запрашалі дзяцей на экскурсіі ў падраздзяленні ведамства. Юныя землякі ахвотна ўдзельнічалі ў тэматычных гутарках і віктарынах, знаёміліся з работай пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Акцэнт зроблены на небяспеках, якія тояцца на гульнявых пляцоўках, пры яздзе на веласіпедзе і купанні ў вадаёмах.
З пачатку года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 30 пажараў, загінулі 3 чалавекі. Зберагчы дзяцей ад неабдуманых учынкаў і навучыць правілам бяспекі – задача дарослых.
Шаноўныя бацькі! На бачным месцы замацуйце ліст паперы з усімі неабходнымі нумарамі тэлефонаў. Раскажыце сынам і дачушкам, пры якіх абставінах яны могуць імі скарыстацца. Растлумачце, што ў выпадку пажару нельга хавацца – трэба выбягаць на вуліцу і клікаць на дапамогу. Трымайце запалкі далёка ад дзіцячых вачэй. Не дазваляйце нашчадкам самастойна карыстацца газавымі і электрычнымі прыборамі, распальваць печ, хадзіць на вадаёмы без суправаджэння дарослых. Не пакідайце іх без нагляду падчас сумеснага адпачынку каля вады.
Марына КАЧУРА, старшы інспектар Лунінецкага РАНС. Фота з архіва.