«Жывы гук» над горадам
На РУВП «Граніт» даўно выношвалі ідэю правядзення музычнага конкурсу рэспубліканскага ўзроўню. І вось задумка атрымала ўвасабленне. У канцы мінулага тыдня ў Мікашэвічах прайшоў фестываль «Мы – адзіныя, мы – моладзь!», які сабраў танцораў і спевакоў са Жлобіна і Мінска, а гораду падарыў сапраўднае свята сучаснага мастацтва.
Адкрыла праграму «гранітаўская» моладзь. Сотні гледачоў дружнымі апладысментамі падтрымлівалі вакалістаў Аляксандра Ярмоліча, Эрыку Дземідовіч, Аляксандра Сушко, Анатоля Ярмоліча і Сняжану Соц. Энергічныя мелодыі калектыву «Фракцыя» прымусілі рухацца ў адзіным рытме і землякоў, і сапернікаў.
Падхапілі танцавальны батл удзельнікі ансамбля «Крышталь» Беларускага металургічнага завода. Яны падрыхтавалі сучасную харэаграфічную інтэрпрэтацыю аднаго з эпізодаў вядомай оперы «Кармэн» і лірычную пастаноўку, што нагадала аб унікальнасці і непаўторнасці роднай зямлі. Высока ацанілі гараджане нумары Сяргея Чарнавуса і Таццяны Бурсавай, якія злучылі ў сабе жывое гучанне песень з рэпертуара вядомых рускіх рок-поп-гуртоў і савецкіх шлягераў.
На «ўра» прайшло выступленне прадстаўніцы Мінскага падшыпнікавага завода Алёны Варона. Адчуўшы шчырую цікавасць слухачоў да сваёй творчасці, аўтар і выканаўца бардаўскіх песень парадавала публіку «заяўленымі» ў праграме нумарамі, прадставіла абсалютна новыя ўласныя творы. Гледачы доўга не жадалі адпускаць са сцэны і землякоў дзяўчыны з вакальна-інструментальнай групы «Крэш». Нягледзячы на своеасаблівае гучанне – у калектыва ў прыярытэце «цяжкая» музыка, тэксты з глыбокім сэнсам, віртуознае выкананне на электрагітарах і ўдарнай устаноўцы знайшлі водгук у душах шматлікіх гледачоў.
Падвёў вынікі музычнага маладзёжнага фестывалю старшыня райвыканкама А.М. Пачко. Ён адзначыў, што важнейшае ў гэтым мерапрыемстве, напэўна, не змаганне талентаў, а добры настрой і сумесны адпачынак жыхароў Мікашэвіч і гасцей горада. Аляксандр Мікалаевіч падзякаваў арганізатарам свята і выказаў надзею, што яно атрымае пастаянную прапіску на Лунінеччыне. Кіраўнік раённай «вертыкалі» ўручыў спецыяльны прыз і дыплом прадстаўнікам танцавальнага калектыву «Крышталь» Беларускага металургічнага завода. Яго дэлегацыя таксама ўдастоена звання «Гран-пры фестывалю». Каштоўны падарунак ад генеральнага дырэктара РУВП «Граніт» Эдуарда Гаўрылковіча дастаўся Алёне Варона. Прафкам гранітаздабываючага прадпрыемства адзначыў самадзейных артыстаў мікашэвіцкага творчага аб’яднання «Фракцыя». Акрамя таго, прызы за ўдзел атрымалі каманды РУВП «Граніт» і Мінскага падшыпнікавага завода.
Адчуванне свята ўзмацніў феерверк, які ўпрыгожыў вясёлкавымі агнямі вячэрняе неба Мікашэвіч практычна адразу пасля заканчэння музычнага спаборніцтва. А яшчэ – чарговыя светлавыя ілюмінацыі Палаца культуры, якія «гранітаўцы» зноў вырабілі самастойна. На гэты раз з наступленнем змяркання загарэліся вясёлымі агеньчыкамі вялікі фантан, рамонкі і матылькі. Своеасаблівым арыенцірам для жадаючых наведаць свята таксама сталі паветраныя шары і дырыжабль з сімволікай «Граніта». Упрыгожванні дыяметрам у тры метры, прымацаваныя да самай высокай кропкі будынка ўстановы культуры, былі бачны практычна ў кожным мікрараёне горада.
Завяршыўся фестываль традыцыйнай дыскатэкай.
Сегрей ВАСЮК, Мінскі падшыпнікавы завод:
– У гэтай частцы беларускага Палесся давялося пабываць упершыню, таму, безумоўна, рады магчымасці пазнаёміцца з ёю. Вельмі ўразіла вытворчасць РУВП «Граніт». Адна справа, калі ведаеш аб прадпрыемстве завочна, і зусім іншая – экскурсія па цэхах, размовы са спецыялістамі і рабочымі. Багата станоўчых уражанняў склалася аб саміх Мікашэ-вічах – чыстыя вуліцы, зялёныя насаджэнні і, што асабліва важна для малых гарадоў, шмат матуль з дзіцячымі каляскамі. Дзякуй за гасцінны прыём, цікавае свята і шчырыя сяброўскія зносіны, якія, упэўнены, абавязкова працягнуцца!