Абласное свята хлебаробаў
Заціх на палетках Лунінеччыны грукат камбайнаў, засведчыўшы аб заканчэнні самай важнай і пачэснай земляробчай справы – збожжаўборачнай кампаніі. Да гэтай фінальнай рысы работнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў ішлі цэлы год, у кругазвароце якога прамільгнулі якасная сяўба азімых і яравых культур, пастаянны догляд за пасевамі і клапатлівае гарачае жніво.
Прыемным акордам, завяршаючым кругазварот хлебаробскіх клопатаў, з’яўляецца традыцыйны фестываль “Дажынкі”. Сёлета абласное свята праходзіць у гарадскім пасёлку Целяханы Івацэвіцкага раёна. Мерапрыемства ладзіцца кожны сезон у знак удзячнасці людзям, якія імкнуліся да галоўнай мэты – убраць вырашчанае без страт, да апошняга каласка, нястомна шчыравалі ад ранку да змяркання на нівах і зернетаках, на яве паказваючы сваю адданасць выбранай нялёгкай прафесіі і любоў да малой радзімы.
Нястомныя сялянскія рукі выканалі ўсё, што ад іх залежыць і агульнымі намаганнямі перабольшалі мінулагодні паказчык. Намалот збожжа ў Лунінецкім раёне склаў 56289 тон (52525 тон – летась). Ураджайнасць дасягнула 28,6 цэнтнера з гектара (27,6 – у мінулым годзе).
На абласных “Дажынках” традыцыйна ўшаноўваюць пераможцаў працоўнага спаборніцтва. Кожны год узнагароды высокага ўзроўню атрымліваюць і нашы землякі.
Самыя старанныя камбайнеры, вадзіцелі і аператары зернесушыльнага абсталявання будуць адзначаны і на раённых “Дажынках”, якія пройдуць у Вульцы 1 крыху пазней.
Хлеб – аснова дабрабыту, без яго мы не ўяўляем свайго жыцця. Гэта не толькі штодзённая ежа на сталах. Духмяны каравай спрадвеку лічыцца сімвалам, якім суправаджаюцца ўсе значныя падзеі нашай паўсядзённасці. Таму ўвага і любоў да яго – адпаведныя. Пачэсная справа – клапаціцца пра зярняткі, з якіх вырастаюць поўныя каласы і, зліўшыся ў магутны залаты струмень, становяцца паўнюткай ракой дастатку і радасці для беларусаў.