Алена ВЕСЯЛОЎСКАЯ: «Я – шчаслівая жанчына….» (Лунінецкі раён)
Новости районаОбществоОсоба

Алена ВЕСЯЛОЎСКАЯ: «Я – шчаслівая жанчына….» (Лунінецкі раён)

Галоўны бухгалтар УАЗ «Лунінецкая ЦРБ» Алена ВЕСЯЛОЎСКАЯ нарадзілася ў расійскім горадзе Навакузнецк Кемераўскай вобласці. Калі дзяўчынцы споўнілася 4 гады, іх сям’я пераехала ў наш раён – бліжэй да бацькавага роду, які асталяваўся ў Луніне.

– Закончыла чацвёртую школу, а пасля выпуску планавала звязаць жыццё з выкладчыцкай дзейнасцю, – прыгадвае Алена Антонаўна. – Паступала на філфак, ды не атрымалася. Тым не менш, сядзець на шыі бацькоў не захацела. Уладкавалася на завод электрарухавікоў, дзе працавалі мама і тата. Пазнаёмілася з будучым мужам Аляксандрам. Ажаніліся, паявілася дачушка Аліна, і ўсё ж жаданне вучыцца ніяк не адпускала. Праўда, змяніліся прыярытэты – бачыла сябе бухгалтарам. Пры падтрымцы мужа паступіла ў Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум. У 90-ых на руках мела дыплом, але работу па спецыяльнасці ды яшчэ і без стажу знайсці ў той перыяд было няпроста. Трапіўшы пад скарачэнне на “Палессеэлектрамашы”, шукала прымянення прафесійным навыкам у розных аргані-зацыях. Кар’еру бухгалтара пачала ў 2008 годзе, калі прынялі ў калектыў санітарна-эпідэміялагічнай службы раёна.

У той час галоўным бухгалтарам працавала Святлана Фёдараўна Раўковіч. Яна паверыла ў мяне, дала добрую школу. Было цяжка, але зразумела, што гэта мая справа, і ўсё складвалася лепшым чынам. Ішоў час, але імкненне развівацца і ўдасканальвацца ў прафесіі так і не пакідала. Настойлівасць і падтрымка блізкіх далі свой плён. У 2013-ым зноў стала студэнткай Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. А неўзабаве зацвердзілі на пасаду галоўнага бухгалтара РЦГіЭ. Праз 3 гады прапанавалі перайсці на работу ў цэнтральную раённую бальніцу. Згадзілася, паралельна заканваючы магістратуру.

Я – шчаслівая жанчына. У мяне цудоўныя бацькі, выдатная сям’я. Дачка – інжынер на Лунінецкай ЦЭЦ, унук Раман вучыцца ў другім класе. Яго горача любім з мужам, з якім сёлета адсвяткуем 30-годдзе сумеснага жыцця. Ёсць работа па душы. Што яшчэ трэба? Адпачынак? Дык яго часта праводжу на ўчастку ў свекрыві – яна ў мяне слаўная! Ніколі не адмоўлюся падарожнічаць з блізкімі, бо ад гэтага атрымліваю вялікае задавальненне.

Азіраючыся на пройдзены шлях, не стамлюся дзякаваць бацькам і мужу за настаўніцтва, любоў і падтрымку, галоўнаму ўрачу Святлане Хлебус – за прызнанне і за тое, што аб рабоце з такім кіраўніком можна толькі марыць. А яшчэ дзякуй калегам-бухгалтарам за прафесіяналізм, таму што ўсе нашы заслугі агульныя, і ў іх ёсць уклад кожнага спецыяліста.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть