Датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Лунінцы
Электаральная кампанія-2025 у Беларусі падыходзіць да кульмінацыі. 21 студзеня, стартавала датэрміновае галасаванне.
Выбаршчыкі, у якіх не будзе магчымасці завітаць на свае ўчасткі ў асноўны дзень – 26 студзеня, могуць аддаць свой голас за кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Датэрміновае галасаванне працягнецца да суботы, 25 студзеня, уключна. Выбарчыя ўчасткі ў гэтыя дні адкрыты з 12.00 да 19.00 без перапынку на абед.
У назначаны час адчыніліся дзверы на ўчастку для галасавання №3, размешчаным у Доме культуры чыгуначнікаў г. Лунінца.
– Так сталася, што на выхадныя буду працаваць, таму вырашыў прагаласаваць датэрмінова, – падзяліўся памочнік машыніста дызель-цягніка Віталь ГРЫБ. – Нельга ігнараваць важную палітычную падзею. Уважліва азнаёміўся з усімі кандыдатамі, і свой выбар спыніў на самым актыўным, ініцыятыўным і адказным.
Зрабіць свой выбар у першы дзень датэрміновага галасавання прыйшла і Ірына КАЛЯНКОВІЧ.
– Лічу, што галасаваць трэба абавязкова. Тым больш, што выказванне сваёй пазіцыі праз галасаванне дэманструе зацікаўленасць у жыцці краіны. Упэўнена, што кожны голас важны!
Выканаць грамадзянскі абавязак упершыню ў жыцці на ўчастку для галасавання №3 выпала 8 юнакам і дзяўчатам. На памяць ім падрыхтавалі падарункавае выданне “Сімвалы суверэннай Беларусі” і суве-ніры.
Ва ўчастковай камісіі таксама нагадалі, што, каб атрымаць бюлетэнь для галасавання, неабходна прад’явіць дакумент, які засведчвае асобу. Разам з пашпартам ці ID-картай гэта могуць быць ваенны ці студэнцкі білет, вадзіцельскае, пенсійнае або пасведчанне інваліда пры наяўнасці ў ім фота, а таксама даведкі органа ўнутраных спраў. Калі прозвішча чалавека няма ў спісах, але ён зарэгістраваны на дадзенай тэрыторыі, яго дадаткова ўключаць у якасці выбаршчыка.
На ўчастку створана ўсё для зручнасці выбаршчыкаў, прысутнічаюць усе неабходныя інфармацыйныя матэрыялы.
* * *
Яшчэ да адкрыцця ўчастка для галасавання №5, перад ім сабралася невялікая чарга. Прапусціўшы наперад двух выбаршчыкаў паважанага ўзросту, свой грамадзянскі абавязак выканаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эдуард Севярын.
– Механізм датэрміновага галасавання створаны для таго, каб кожны выбаршчык змог праявіць сваю грамадзян-скую пазіцыю ў зручны для сябе час.
Аляксандр КОЎКА.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram