Добрыя справы. Падарунак для дома сямейнага тыпу ў Язвінках (Лунінецкі раён)
«Дабрачынных акцый шмат не бывае», – у гэтым перакананы фермер Эдуард Чэркас, які напярэдадні 8 Сакавіка зрабіў падарунак для дома сямейнага тыпу ў Язвінках, адгрузіўшы мяхі з агароднінай.
Як стала вядома, падчас навагодняй прафсаюзнай акцыі “Прафсаюзы – дзецям” бацькі-выхавальнікі Міхаіл і Наталля Марза ў гутарцы са старшынёй райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Вольгай Ермалёнак абмовіліся фразай, што агародніны ніколі не бывае шмат і яны будуць вельмі ўдзячны, калі нехта пажадае падтрымаць іх вялікую сям’ю, у якой выхоўваюцца 7 непаўналетніх дзетак, а яшчэ 3 студэнта дагэтуль застаюцца яе членамі.
У ліку тых, хто заўсёды далучаецца да дабрачынных акцый, фермерская гаспадарка “Чэркасы”. Вось на гэты раз яе кіраўнік Эдуард Васільевіч не застаўся ўбаку і адгрузіў у Язвінкі па 150 кілаграмаў морквы, буракоў і цыбулі.
– Мы вельмі ўдзячны гэтаму цудоўнаму, адкрытаму і вельмі чуламу чалавеку, – расказвае Наталля Марза. – Нягледзячы на тое, што яго чакалі кліенты, ён знайшоў час для нас, пагутарыў, распытаў пра тое, як мы жывем, і прапанаваў далейшае “супрацоўніцтва”. Выдатна, што на нашай Лунінецкай зямлі жывуць такія цудоўныя людзі.
Алена ДАНІЛОВІЧ.