Дырэктар сельгаспрадпрыемства «Лунінскі» — аб рабоце, людзях і заўтрашнім дні (Лунінецкі раён)
Новости районаОбществоАгропром

Дырэктар сельгаспрадпрыемства «Лунінскі» — аб рабоце, людзях і заўтрашнім дні (Лунінецкі раён)

Сельгаспрадпрыемства “Лунінскі”, як мы паведамлялі ранней, па выніках 2021 года ўдастоена трэцяга месца сярод арганізацый аграпрамысловага комплексу Брэстчыны і занесена на абласную Дошку гонару. Гаспадарка адзначана за найлепшыя дасягненні ў выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Расказаць аб надзённых клопатах і якім быў шлях да значнай перамогі, папрасілі дырэктара таварыства Васіля МЕЛЮХА:

– Кожны кіраўнік імкнецца да поспеху, бо за ім стаіць плённая і стабільная работа ўсяго калектыву. Найперш адзначу, што гэта дасягненне не аднаго ці двух сезонаў. Амаль 23 гады разам крочым адзіным выбраным шляхам. Узначаліў калгас у канцы мінулага стагоддзя, у самы развал той сістэмы, што існавала ў савецкі перыяд. Заробкі не было чым плаціць, будучыня неакрэсленая. Кармоў не хапала, таму і аддачы ад галоднай жывёлы, вядома ж, ніякай. Людзі страцілі веру ў лепшае, уладкоўваліся ў іншыя арганізацыі, дзе існавала стабільнасць. Са спецыялістаў у нас засталіся толькі галоўны заатэхнік і брыгадзір трактарнай брыгады. Ішлі размовы аб рэарганізацыі, далучэнні да іншага прадпрыемства. Ды, на шчасце, не знайшлося жадаючых узваліць на свае плечы нашы праблемы. Зараз жартам згадваем аб гэтым, а тады было не да смеху.

– Што з’яўлялася першапачатковай задачай на той момант? Як выходзілі з крызісу?

– Трывалы касцяк склаўся з жывёлаводаў і механізатараў, якія хацелі і ўмелі працаваць. Дзякуючы іх упэўненасці, у лепшую будучыню паверылі і новыя члены калектыву. Сеялі, даглядалі, убіралі. На фермах клапаціліся пра добрую якасць малака, каб атрымаць большы прыбытак ад продажу. Надавалі пільную ўвагу вытворчай дысцыпліне. Распрацавалі дадатковыя прэміі і заахвочванні тым работнікам, у якіх не было нараканняў на працягу вызначанага тэрміну. Такім чынам выкараняліся самыя распаўсюджаныя негатыўныя з’явы – п’янства і крадзяжы. Паступова выплацілі даўгі і заняліся абнаўленнем матэрыяльна-тэх-нічнай базы. Мэта ў нас была і ёсць адна – не прасіць, не спадзявацца на некага, а працаваць і зарабляць.

– Якія пытанні патрабуюць большай увагі на сённяшні дзень? Ці атрымалася дасягнуць запланаваных вынікаў у рабоце?

– З увядзеннем у строй сучасных малочнатаварных фермаў пачаўся новы этап развіцця. Маем амаль паўтара мільёна рублёў чыстага прыбытку, рэнтабельнасць склала 25,1 працэнта. Дзякуючы ўстойліваму фінансаваму становішчу, ёсць магчымасць своечасова вырашаць вытворчыя задачы. Купляем неабходную тэхніку і камплектуючыя, удабрэнні, насенне. Шмат сродкаў укладваем у рамонт і будаўніцтва вытворчых памяшканняў, якія праводзім сваімі сіламі. Асноўная дзейнасць нацэлена на стварэнне трывалай кармавой базы. Парадавалі паказчыкі мінулага года. Атрымалі зерня ў бункернай вазе 4398 тон. Поўнасцю забяспечылі грамадскі статак кармамі. Зімоўка прайшла сытна і спакойна, што станоўча адбілася на сённяшніх паказчыках. Валавы надой малака за 5 месяцаў 2022 года склаў 2361 тону. Гэта 113 працэнтаў у параўнанні з мінулагоднім. Надой на карову маем 2854 кілаграмы (+ 319 кілаграмаў). Прывагі ў мясной галіне за аналагічны перыяд дасягнулі 712 грамаў (+34 грамы).

– Васіль Сцяпанавіч, а якім вы бачыце для калектыву дзень заўтрашні?

– Людзі ў асноўным мясцовыя, ведаюць, як здабываецца хлеб, бо самі на зямлі выраслі. Згуртаваныя, дружныя. Ёсць многа адукаваных спецыялістаў. Такой камандай мы гатовы ўзяцца за выкананне самых складаных задач. Усе кампаніі праходзяць у сціслыя агратэхнічныя тэрміны. Стварылася шмат працоўных дынастый, многія выходзяць на заслужаны адпачынак з адзіным запісам у працоўнай кніжцы. Кадравыя пытанні вырашаюцца, але з бачаннем на перспектыву будзем рады прыходу ў калектыў моладзі. Пастараемся стварыць для іх добрыя ўмовы. Важна, каб чалавек быў задаволены вынікамі сваёй дзейнасці, меў сацыяльныя гарантыі, адчуваў абароненасць. Тады ён засяродзіць увагу на выкананні непасрэдных абавязкаў, будзе “хварэць” за справу і не стане думаць, як знайсці іншую работу.

– Што чакаеце ад земляробчага сезона-2022?

– Ніхто не скажа, што ў сельскай гаспадарцы працаваць лёгка. Работа на зямлі – непрадказальная галіна, тут не ўсё залежыць ад чалавека. Даводзіцца лічыцца з умовамі надвор’я, якія кожны сезон розныя. Ужо бачны сёлетнія негатыўныя тэндэнцыі з-за халоднай вясны, замаразкаў, падтапленняў. Але ўсімі сіламі будзем імкнуцца звесці адмоўны ўплыў да мінімуму. Пасяўную правялі якасным насеннем і ў тэрмін, усходы радуюць. У разгары – нарыхтоўка кармоў, але весці падлікі пакуль ранавата. Зараз пільная ўвага нададзена падрыхтоўцы да збожжаўборачнай кампаніі – тэхнікі хапае, жадаючыя працаваць ёсць, застаецца ўлічыць іншыя фактары. Увогуле, імкнемся да стабільнасці на ўсіх участках.  Важна мець фінансавую незалежнасць і эканомна расходаваць сродкі. Галоўнае – атрыманне прыбытку і клопат пра дабрабыт людзей.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть