Ганаровая грамата Мікіты Неўдаха з Лунінецкага раёна
Галоўны ветэрынарны ўрач ААТ “Вулькаўскі світанак” Мікіта НЕЎДАХ удастоены Ганаровай граматы Міністэрства па сельскай гаспадарцы і харчаванні Рэспублікі Беларусь за добрасумленную стваральную працу ў сельскагаспадарчай галіне, прафесіяналізм і дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце. Падчас удзелу ў маладзёжным злёце ў рамках міжнароднага форуму “Беларусь Аграрная. Малочная ферма” ён таксама стаў уладальнікам дыплома за поспехі і хуткі прагрэс у прафесіі.
Мікіта Аляксандравіч вырас у Лунінцы, закончыў СШ №1. Аб будучай прафесіі задумаўся задоўга да таго, як атрымаў атэстат. Вызначальнай стала любоў да жывёл і мара стаць урачом. Таму паступіў у Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Фізічнай загартоўкі дадала армейская служба, якую праходзіў у пагранічным атрадзе ў Пінску.
Маладому спецыялісту пашанцавала з размеркаваннем. Ён трапіў у “Вулькаўскі світанак” – эканамічна моцную гаспадарку, дзе заўсёды імкнуцца рацыянальна і выверана наладзіць вытворчы працэс, ёсць належныя ўмовы для работы. Вопытныя калегі дапамаглі адаптавацца на новым месцы, дзе і ўдасканальваў практычныя навыкі. Паступова авалодаў усім неабходным для таго, каб узначаліць ветэрынарную службу сельгаспрадпрыемства. Адбылося гэта тры гады таму. Многія са знаёмых аднесліся да прызначэння з доляй скептыцызму. Маўляў, як ты будзеш кіраваць людзьмі, якія напалову, а то і болей, старэйшыя па ўзросце? Але праблем не ўзнікла.
– Падначаленыя выконваюць даручэнні галоўнага спецыяліста, – канстатуе Мікіта Неўдах. – Ды і ўвогуле, атмасфера ў калектыве добразычлівая, усе адказныя, сваю справу ведаюць. Калі ўзнікае крытычная сітуацыя і жыццё гадаванцаў пад пагрозай, то ратуем усе разам, незалежна ад пасады. Бо мэта нашай работы агульная – здаровы і прадуктыўны статак.
Колькасць буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы налічвае больш як 7 тысяч галоў. Усе яны – звычайныя жывыя істоты, якія ў любы момант могуць захварэць. Змагацца з праблемамі ў ветэрынарыі ў нечым складаней, чым у медыцыне. Чалавек сам раскажа доктару, дзе ў яго баліць, а што адбываецца з арганізмам цяляткі ці дарослай асобіны, лю-дзям даводзіцца толькі здагадвацца. Уся надзея на вопыт і веды тых, хто прысвяціў сябе адказнай і неспакойнай прафесіі.
У “Вулькаўскім світанку” функцыянуе сучаснае абсталяванне для ветэрынарыі. На апараце ўльтрагукавога даследавання Мікіта самастойна праводзіць дыягностыку сцельнасці кароў, выяўляе захворванні жывёлы, якія прасцей вылечыць на ранняй стадыі. Звычайнымі метадамі гэта зрабіць нельга.
Вольны ад работы час малады спецыяліст праводзіць на аддаленай ад Вулькі 2 сядзібе, дзе асталяваўся часова пажыць. Дом утульны, камфортны, навокал – маляўнічая прырода.
“Вясковая моладзь імкнецца ў горад, а ён прыехаў з райцэнтра і аблюбаваў хутар!”, – здзіўляюцца знаёмыя.
– Самая прыгожая мясціна! Мне тут падабаецца, няма мітусні, ціха і спакойна, – упэўнена пярэчыць юнак. – Ды і вольнага часу не так шмат. Прысвячаю яго прагляду кінафільмаў, слухаю музыку, тэлефаную сябрам.
Зараз Мікіта праходзіць адпрацоўку, але ўжо хутка наступіць момант, калі ён зможа працаўладкавацца па свайму выбару. Пакідаць арганізацыю, якая стала не толькі першым рабочым месцам, але дала ўпэўнены пад’ём па службовай лесвіцы, спецыяліст не плануе.
– Мяне ўсё задавальняе. Гаспадарка заможная, кіраўніцтва адносіцца з разуменнем, калектыў дружны, сацыяльны пакет добры, – сцвярджае малады чалавек. – Моладзі тут нямала. Нехта ўладкоўваецца на работу, мясцовыя прыязджаюць дадому на выхадныя. І да райцэнтра не вельмі далёка.
Маці Мікіты працуе ў гандлі. Выбар прафесіі сына яна падтрымала, бо ўпэўнена, што ў жыцці важна займацца любімай справай. Сур’ёзны занятак дапамагае быць упэўненым у сабе, мець цвёрдую грамадзянскую пазіцыю. Узнагароды высокага ўзроўню – пацвярджэнне таму, што малады чалавек ідзе па правільнай дарозе, і наперадзе яго чакаюць новыя значныя дасягненні.
Марыя ЯРАХОВІЧ.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram