Гаспадыня на ўсе рукі з Дзятлавіч Лунінецкага раёна
Няхай даруюць жанчыны іншых населеных пунктаў Лунінецкага краю, але ў Дзятлавічах жывуць спраўныя, увішныя гаспадынькі, якія хораша спяваюць, вышываюць крыжыкам ды гладдзю чароўныя ўзоры, вяжуць на прутках на дзіва прыгожыя рэчы, пякуць найсмачнейшы ў свеце хлеб і вельмі любяць сваю маленькую радзіму.
Людміла Брэзіна – карэнная жыхарка аграгарадка: тут яна нарадзілася, вырасла і ніколі не думала памяняць свае Дзятлавічы на іншае месца. Сваю другую палавінку – Аляксандра – сустрэла тут жа, бадай што на суседняй вуліцы. Дзякуй Богу, разам ужо 38 гадоў, пабудавалі прыгожы дыхтоўны дом, выгадавалі дваіх дачушак-разумніц, зараз не нарадуюцца шасцярым унукам, якія вельмі любяць прыязджаць да бабулі і дзядулі. Дзверы гасціннай сядзібы Брэзіных заўсёды адчынены і рады вітаць гасцей. Бадай, няма такога дня, каб на ўтульнай кухні Людмілы Аляксандраўны смачна не пахла выпечкай, хлебам ці булачкамі. Гатаваць разнастайныя стравы, радаваць сваіх родных смакатой і карыснай ежай гаспадыні вельмі падабаецца. Зрэшты, любая справа ў яе руках спорыцца, бо ўсё робіцца з любоўю. Нават здаецца, што і на адпачынак часу няма.
– Дык за працай і адпачываю, – усміхаючыся, удакладняе жанчына. – Займацца хатняй гаспадаркай для мяне адно задавальненне. Летам з раніцы ў агародчыку прападаю, а калі прыпячэ сонца – хаваюся ў прахалоду і бяру ў рукі пруткі ці кручок – вяжу шалі, кілімы, шкарпэткі альбо вышываю. Апошнім часам вельмі падабаецца алмазная мазаіка, з дапамогай якой ствараю карціны, вобразы святых. Цэлая калекцыя атрымалася. Раблю падарункі родным, знаёмым, ад чаго і атрымліваю задавальненне. Люблю бавіць час на прыродзе. Нашы дзятлаўскія краявіды сапраўды непаўторныя, вабяць сваёй маляўнічай прыгажосцю. Душой адпачываю ў лесе, калі збіраю грыбы, ягады або зёлкі.
Людміла Аляксандраўна – заўзятая траўніца, сабірае травы, сушыць, а потым заварвае розныя лекавыя чаі, якія здымаюць стрэс, супакойваюць і наталяюць смагу. У яе пакойчыку, дзе яна захоўвае свае нарыхтоўкі, стаіць чароўны водар чабору, мяты, святаянніку, дзівасілу і лаванды. Гаспадыня частуе духмянай гарбатай, якая заварана на 11 травяных кампанентах. Тут і пялёсткі руж, васількоў, лісты вішні, мяты, мелісы, лаванды ды яшчэ іншых зёлак – смак сапраўды незвычайны, які вяртае ў далёкае і незваротнае дзяцінства. Менавіта адтуль у вяскоўкі такія чулліва-кранальныя адносіны да роднага куточка, да наваколля, якое сваім хараством назаўсёды запаланіла сэрца дзяўчынкі.
– Шмат чаму мяне навучыла бабуля Кацярына Фёдараўна Коваль, – удакладняе суразмоўца. – І ў які час збіраць расліны, каб яны не страцілі сваю цудадзейную сілу, і як іх сушыць, і ад якіх хвароб выкарыстоўваць. Вось паглядзіце, у гэтым пакуначку дзераза, здаецца зусім звычайная трава. Але якімі ўласцівасцямі яна валодае! Найперш, цудоўны супрацьзапаленчы і болесуцішальны сродак, можна рабіць прысыпкі, калі ўзнікаюць праблемы са скурай. Палын таксама не зусім пустазелле. Цудадзейная сіла гэтай расліны вядома здаўна. Нашы бабулі і прабабулі ёй лячылі шматлікія хваробы – страўніка, кішэчніка, падстраўнікавую залозу, спынялі кроў.
Здаецца, пра кожную расліну Люд-міла Аляксандраўна можа расказваць доўга, як і пра свае кулінарныя захапленні.
– Я фанатка разнастайных нарыхтовак, закатак, – працягвае гаворку жанчына. – Магу гадзінамі не адыходзіць ад пліты, гатуючы самыя розныя стравы. Калі прыязджаюць унукі, тады ў мяне кулінарнае раздолле. Маім родным вельмі даспадобы выпечка: “хворост” кажучы па-руску альбо як гаварыла мая бабуля “пташачкі”, “шарлотку”, булачкі з карыцай “сіннабоны”, кіслыя бліны. Я і па сёння добра памятаю непаўторны водар спечанага хлеба, які сыходзіў ад печы ў бацькоўскай хаце.
Дарэчы, Людміла Аляксандраўна і сама выпякае смачныя боханы ды булкі, з хрумсткай скарынкай. А якія торты атрымліваюцца ў маёй гераіні – проста вачэй не адвесці – бісквітныя, сметанковыя, шакаладныя ды арэхавыя, аздобленыя ажурнымі кветкамі, сакавітымі ягадамі – сапраўдныя творы мастацтва з цеста! Сама гаспадыня лічыць, што нічога незвычайнага ў выпечцы няма, кожная жанчына можа нешта падобнае стварыць на сваёй кухні, каб парадаваць дамачадцаў, галоўнае – мець жаданне.
Мая субяседніца – незвычайная жанчына, якой, здаецца, невядомы самота і стома. Штодзень яна рупіцца, нібыта тая пчолка, адорваючы ўсіх сваёй неверагоднай цеплынёй і клопатам. Адкрытая, шчырая душой, жанчына прыцягвае да сябе. Нездарма бацькі сваю дачушку назвалі Людмілай, што ад старажытнарускага – людзям мілая. Прырода надзяліла яе яшчэ і прыгожым голасам. Пашану і любоў да народнай песні прывіла матуля, якая надзвычай хораша спявае. Людміла – удзельніца фальклорна-этнаграфічнага гурта “Світанак”, у які прыйшла ў далёкія 90-ыя гады. Яна не толькі ведае і шануе народную спадчыну, але і захоўвае яе. На мэце ў гаспадыні аздобіць пакой у летняй хаце пад музей, у якім знойдуць сабе месца глечыкі, гладышы, гліняныя збаночкі, калаўрот, кросны, церніца, дзежкі, даматканыя ручнікі, вышыванкі, якія засталіся ад майстравітых продкаў. Няхай знаёмяцца дзеці і ўнукі з побытам беларусаў, каб уяўлялі сабе, як выглядае сапраўд-ны цэбар альбо прас, што награваўся ад вугельчыкаў.
Падворак маёй гераіні таксама адмыслова аформлены. Усё зачароўвае сваёй дагледжанасцю. Здаецца, што нават расліны адчуваюць пяшчоту яе клапатлівых рук. Таму неверагодна прыгожа і да самай позняй восені радуюць сваёй квеценню хрызантэмы і ружы, якіх так шмат расце ля сядзібы.
Кацярына Яцушкевіч. Фота аўтара.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram