Канікулы з выратавальнікамі ў Лунінецкім раёне
Новости районаОбществоМолодежьОбразование

Канікулы з выратавальнікамі ў Лунінецкім раёне

Лета паступова падыходзіць да свайго экватара. Хлопчыкі і дзяўчынкі бавяць час хто дзе: у санаторыях і лагерах, у вёсках у бабулі ці з бацькамі на курортах. Спякота расслабляе як дзяцей, так і дарослых. Каб нагадаць аб небяспецы, якой у гэты перыяд года часцей падвержаны юныя землякі, гутарым са старшым інспектарам сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Марынай Качура:

– Як паказвае жыццё, менавіта ў тры летнія месяцы адбываецца шмат непрыемных, а іншы раз і сумных гісторый. Вось чаму ў нашым калектыве завялі добрую традыцыю, якую ўвасобілі ў рэспубліканскую акцыю “Канікулы без дыму і агню”. Яе мэта – папярэдзіць дзіцячае свавольства з агнём, гібель і траўматызм. У мерапрыемствы хлопчыкі і дзяўчынкі ўцягнуты напрацягу чэрвеня, ліпеня і жніўня.

– Раскажыце, чым запомніўся юным землякам першы месяц лета?

– Адразу пасля заканчэння навучальнага года пачалі дзейнічаць дзіцячыя прышкольныя аздараўленчыя лагеры. Прадстаўнікі МНС пабывалі практычна ва ўсіх установах адукацыі Лунінеччыны. Таксама мы за-прашалі ў госці на экскурсіі ў пажарныя аварыйна-выратавальныя часці і пасты раёна. Імкнуліся разнастаіць сустрэчы прафілактычнымі віктарынамі, конкурсамі, дэманстрацыяй тэхнікі і абсталявання, якая ёсць у нас на ўзбраенні. А колькі станоўчых эмоцый і запамінальных уражанняў прыносілі так званыя водныя прадстаўленні! Падобная дзейнасць будзе працягнута далей.

– Ці можна, гуляючы, навучыць хлопчыкаў і дзяўчынак правілам паводзін?

– Безумоўна, і ў нас гэта нядрэнна атрымліваецца! Паверце, сухая тэорыя ніколі не дасць належнага эфекту. Праз розныя формы работы нагадваем правілы бяспекі, у тым ліку, як сябе паводзіць дома, на вуліцы і каля вады. Дарэчы, апошняму ўдзяляем асаблівую ўвагу, бо кожны год у краіне рэгіструюцца няшчасныя выпадкі з удзелам непаўналетніх.

– Нагадайце, калі ласка, асноўныя моманты?

– Самае важнае, што дзеці і падлеткі не павінны знаходзіцца каля вады без нагляду дарослых. Купацца можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, плаваць уздоўж берага ці па накірунку да яго. Забаронена скакаць у акваторыю з абрываў, дамб, мастоў, лодак і катамаранаў. Нельга заплываць за буйкі ці спрабаваць поперак пераадолець вадаёмы.

Асобна звярнуся да бацькоў. Шаноўныя мамы і таты! Не па-кідайце запалкі ў даступных месцах. Не даручайце хлопчыкам і дзяўчынкам распальваць печы, газавыя пліты, самастойна ўключаць электрабытавыя прыборы. Сачыце, каб нашчадкі не ладзілі вогнішчы. Старайцеся заўсёды трымаць у полі зроку малалетніх сыноў і дачушак. Будзьце ва ўсім прыкладам для сваіх дзяцей. Арганізуйце для іх цікавы адпачынак, навучыце правільным дзеянням пры пажары.

– Якім канкрэтна?

– Пры выяўленні прыкмет гарэння (задымлення, павышанай тэмпературы, паху гару і г.д.) дзіця павінна пакінуць памяшканне. Паведаміць аб пажары дарослым і ў службу выратавальнікаў па тэлефонах: 101 ці 112. Вельмі важна, каб гэтыя парады запомнілі усе хлопчыкі і дзяўчынкі. Толькі з клопатам аб маладым пакаленні можна прадухіліць няшчасныя выпадкі, захаваць свае дом і маёмасць, а самае галоўнае – жыццё нашых дзяцей!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть