Кажан-Гарадок адзначыць юбілей 15 ліпеня! (Лунінецкі раён)
Новости районаОбщество

Кажан-Гарадок адзначыць юбілей 15 ліпеня! (Лунінецкі раён)

Больш за пяць стагоддзяў стаіць на лунінецкай зямлі адна з самых старажытных і найпрыгажэйшых вёсак – Кажан-Гарадок. Вуліцы раскінуліся паабапал вірлівай рачулкі Цна, што нясе свае воды ў Прыпяць. Слаўная і адначасова трагічная гісторыя ў паселішча. Неаднаразова ворагі рабавалі і палілі яго, але мужныя і працавітыя мясцовыя жыхары па-новаму ўсё адбудоўвалі. Мястэчка, апавітае незвычайнымі легендамі і паданнямі, зачаруе і прымусіць захапіцца сабой кожнага, хто хоць аднойчы сюды патрапіць.

Упершыню паселішча пісьмова ўзгадваецца пад назвай Гарадзец у 1493 годзе як уладанне магната Мантыгірдавіча ў Навагрудскім павеце Вялікага Княства Літоўскага. На самай справе яму нашмат больш гадоў. Аб чым і сведчаць археалагічныя даследаванні і старадаўнія гарадзішчы. Кажуць, што тут нават пахаваны славуты рымскі паэт Авідзій. Так гэта ці не – невядома. Але з яго іменем звязваюць назву гары – Відзіуш, што стаіць на ўскрайку вёскі. Дарэчы, ад старых людзей чула, што ў маёнтку мясцовага памешчыка ў свой час спыняўся і Адам Міцкевіч. Звестак пра гэта не захавалася. Ад былой раскошы панскага парку, дзе нібыта любіў бавіць час паэт, да нашых часоў растуць два дубы, разгалістыя волаты-веліканы. Вось, каб яны маглі гаварыць, напэўна шмат чаго цікавага нам бы паведамілі.  З 1588 года мястэчкам валодаў віленскі кашталян Ян Кішка. У 1613-ым Кажан-Гарадок стаў цэнтрам воласці і перайшоў ва ўладанні шляхціча Падбярэзскага, а потым заможным Тарнаўскім. У 1702 го-дзе яго захапілі атрады  шведскага караля Карла ХІІ. Нашы мужныя продкі прагналі прышэльцаў. Паводле кнігі «Памяць. Лунінецкі раён», тры курганы, што знаходзяцца на ўскрайку вёскі, і ёсць магілы шведскіх салдат. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Кажан-Гарадок адышоў да Расійскай імперыі і стаў цэнтрам воласці Пінскага павета. Амаль два вякі, па 1939 год, мястэчкам уладарыў шляхетны род Шчытоў-Немірові-чаў. Дзейнічалі царква, каталіцкая капліца, сінагога, два яўрэйскія малітоўныя дамы, школа, 3 млыны, 10 крам, заезны двор. Па некалькі разоў на год ладзіліся кірмашы. Адзін з самых маштабных, на які з’язджаліся гандляры здалёк, быў Сямёнаўскі.

Жыццё ў Кажан-Гарадку віравала, працавалі майстэрні мясцовых яўрэяў, у якіх віртуозныя шаўцы шылі дабротнае адзенне ды ладныя боты. «Мяшчане» – так і па сённяшні дзень называюць мясцовых жыхароў, шчыравалі на зямлі, гадавалі дзяцей і радаваліся кожнаму новаму дню. У перспектыве ў паселішча былі ўсе перадумовы, каб стаць горадам. Але гісторыя распарадзілася інакш. У кнізе «Памяць. Лунінецкі раён» чытаем, што «калі б не канкурэнцыя Лу-нінца, куды з пачатку будаўніцтва чыгункі сталі перасяляцца яўрэі з Кажан-Гарадка, і эміграцыя ў Амерыку канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, мястэчка не згубіла б сваё значэнне маленькага гарадка».

Крывавай датай у летапісе вёскі назаўсёды застанецца верасень 1942-га. Пагод-лівым вераснёўскім днём нацысты на ўскрайку населенага пункта, каля загадзя выкапанай ямы, па-зверску расстралялі 937 чалавек яўрэйскай нацыянальнасці, у тым ліку 325 жанчын і 301 дзіця. Мясцовыя жыхары расказваюць, што зямля была бурая ад пралітай крыві, а з магілы даносіліся жудасныя стогны параненых. Сёння ля мемарыялу цішыня і спакой, якія толькі парушаюць спевы птушак ды шум вечназялёных сосен. Землякі памятаюць аб гэтай страшнай трагедыі, даглядаюць за брацкай магілай, нясуць кветкі…

Спакой і дабрабыт Кажан-Гарадка ахоўвае яго галоўная славутасць – Свята-Мікалаеўская царква. Размешчаная ў цэнтры старажытнай плошчы на ўзгорку, яна нібыта лунае над зямлёй, захапляючы сваёй велічнай прыгажосцю. Святыні больш за дзвесце гадоў і, што амаль неверагодна, пабудавана яна без аніводнага цвіка. У гісторыі захаваліся імёны дойлідаў, якія стварылі непаўторны архітэктурны цуд – гэта палешукі Аляксандр Маліноўскі, Сымон Канапацкі і Васіль Лістапад. Мясцовыя жыхары асабліва шануюць свайго нябеснага заступніка – Мікалая Цудатворцу, дасылаючы яму малітвы аб зго-дзе і шчасці на зямлі.

Пра мястэчка расказваць можна доўга. Тут захавалася шмат артэфактаў, на якія варта паглядзець. Тым больш, што і нагода для гэтага цудоўная. У суботу Кажан-Гарадок адзначыць свой 530-ты юбілей. Са святам, старажытная вёска!

Кацярына Яцушкевіч.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

Фото Кожан-Городокская библиотека-клуб



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть