Лёс гартаваўся на пуцях прыфрантавых… Аляксандр ПАЎЛЮКАВЕЦ з Лунінца
Мы з пашанай і ўдзячнасцю згадваем землякоў, якія пралівалі кроў у змаганні з ворагам, цаной неверагодных пакут прынеслі на нашу зямлю свабоду і незалежнасць. Лунінчанін Аляксандр ПАЎЛЮКАВЕЦ не дасягнуў прызыўнога ўзросту, каб трапіць у рады чырвонаармейцаў, але змог унесці пасільны ўклад у барацьбу з захопнікамі: будучы падлеткам, у перыяд вызвалення ён працаваў на прыфрантавых участках чыгуначных пуцей…
Напярэдадні Дня Перамогі ў гасцях у ветэрана пабывалі намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірына Семянчэнка, намеснік дырэктара ТЦСАН Таццяна Дырда і спецыяліст Людмі-ла Чыкурова. Начальнік аддзялення паштовай сувязі №4 г. Лунінца Іна Кішкевіч.
Аляксандр Дзянісавіч шчыра падзякаваў за падарункі і выказаў цёплыя словы ў адрас Прэзідэнта краіны за ўвагу і клопат да ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Зараз доўгажыхар сустракае 96-ую вясну свайго жыцця. Паважаны ўзрост дае падставы часта вяртацца да ўспамінаў, бо разам з асабістым праглядваецца і агульны летапіс краіны амаль за векавы перыяд.
Сям’я жыла на вул. Якуба Коласа ў райцэнтры, у хаце падрасталі чатыры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Першыя ўспаміны датычаць польскага перыяду. Забыць яго няпроста, бо ў дзіцячым сэрцы трывала пасялілася крыўда.
– Пры Польшчы цяжка жылося, – уздыхае Аляксандр Дзянісавіч. – У школе вучняў часта білі. Я ад прыроды ляўша, трымаў прадметы няправільна, за што і каралі. Перападала і без віны. Не дазвалялася размаўляць на рускай ці беларускай мовах. Замежную ведаў слаба, а прымусова вывучаць не хацелася. Тады не было ні солі, ні газы. Хлеб з малаком – і то з’яўляліся раскошай…
Сітуацыя палепшылася з прыходам савецкай улады. Але радаваліся нядоўга – пачалася Вялікая Айчынная вайна. На мірны горад пасыпаліся бомбы і снарады. Ніхто не ведаў, як ратавацца ад бяды. Многія са знаёмых у паніцы ўцякалі, а яго бацькі вырашылі заставацца на месцы. Спа-дзяваліся на літасць Бога.
– Пры акупацыі баяліся немцаў і паліцаяў. Колькі разоў жыццё трымалася на валаску, – згадвае суразмоўнік. – Акупанты наводзілі свае парадкі, ніхто не лічыўся з меркаваннямі простых людзей. Не засталося жыўнасці, не хапала хлеба. Але голад – не самае страшнае. Брата прымусова вывезлі ў Германію. І мяне ўносілі ў тыя чорныя спісы, толькі дзякуючы шчаслівай выпадковасці пашанцавала пазбегнуць адпраўкі ў апошні момант. Была наладжана сувязь з партызанамі, але дакументы аб гэтым не захаваліся. Адчуванні жахлівыя – захопнікі знішчалі яўрэяў, савецкіх актывістаў. Вокны ў хаце завешвалі посцілкамі, каб святло не прыцягвала нежаданых гасцей. Ніхто не ведаў, што незнаёмец трымае ў кішэні – гасцінец ці зброю…
Старэйшых братоў пасля вызвалення забралі на фронт. Знайшоўся адказны занятак і 17-гадоваму хлопцу. Яго накіравалі адбудоўваць разбураныя аб’екты на чыгунцы, рамантаваць пашкоджанае палатно, рыхтаваць грузы для адпраўкі туды, дзе адважныя воіны яшчэ мужна змагаліся з ворагам. Сябар, з якім доўга працавалі поруч, вырашыў стаць мінёрам, і неўзабаве здарылася трагедыя. Вайна яшчэ доўга балюча нагадвала пра сябе…
Калі жыццё набыло мірныя абрысы, Аляксандра накіравалі ў Брэст на курсы вагоннага майстра. А потым прызвалі на ваенную службу, якую праходзіў на працягу 4 год. Вярнуўся ўзмужнелым, але прафесію мяняць не стаў. Пасаду скарацілі, таму да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў аглядчыкам вагонаў. І потым не сядзеў без справы, уладкаваўся сантэхнікам у дзіцячы сад, займаўся апрацоўкай металічных вырабаў у розных арганізацыях. А яшчэ ў 74-гадовым узросце мужчына ездзіў у Галіцына Маскоўскай вобласці ўзводзіць будаўнічыя аб’екты. Маладзейшыя калегі ахвотна пераймалі яго багаты вопыт.
– Бацька быў майстрам па жалезу, усяму навучыў і мяне, – тлумачыць гара-джанін. – Спецыфіка складаная, гэта ж не матэрыю краіць. Але пры жаданні можна і з металу змайстраваць кветку. Дахі, ліўнёўкі, вентканалы… Часта даво-дзілася імправізаваць. Шмат заказаў выконваў пры ўзвядзенні царквы. Прыемна адчуваць, што на сценах святыні ёсць і мой маленечкі ўклад.
Аляксандр Дзянісавіч змог замацаваць на трывалым фундаменце і асабістае шчасце. Пасля арміі на танцах сустрэў дзяўчыну, маладзейшую на 9 год, неўзабаве стварылі сям’ю. У атмасферы цёплых пачуццяў нарадзіліся і выраслі дзве дачушкі. Яны асталяваліся на малой радзіме. Галіна Данілевіч зараз на заслужаным адпачынку, Святлана Мелюх – сакратар СШ №4 г. Лунінца. З часам сям’я Паўлюкаўцоў пабольшала на зяцёў, чацвёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў.
Старэйшыя заўсёды падавалі блізкім прыклад працавітасці, разважлівасці і цярплівасці. У адносінах панавалі павага і любоў, спачуванне і пяшчота. Сваімі сіламі ўдваіх яны ўзводзілі дом. Па цагліне муравалі сцены, выбіралі матэрыялы для даху і падлогі. Раіліся, умелі знаходзіць кампраміс.
69 год адмераў лёс Аляксандру Дзянісавічу і Ганне Максімаўне правесці разам. На жаль, адзначыць жалезнае вяселле не атрымалася. Вернай спадарожніцы не стала пазалетась,. Пакутлівая страта пакінула горкі адбітак у позірку мужчыны. Побач родныя, ён ахутаны ўвагай, але адзінота сціскае сэрца і днём, і доўгай ноччу. Калі не спіцца, згадваецца ўсё пройдзенае.
– Цяпер вельмі добра жыць у параўнанні з тым, што выпала на лёс майго пакалення, – доўгажыхар на хвілінку змаўкае. – Мірнае сонца, хлеба ўдосталь… . Шкада, што ў маладосці такога не было, у познім узросце спазнаў камфорт. А вы, дзеткі, шануйце і беражыце ўсё гэта. …
Марыя ЯРАХОВІЧ.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram