Максім Сумар: пошук аптымальных рашэнняў – адна з найважнейшых задач народнага сходу
Новости районаОбществоШестое Всебелорусское народное собрание

Максім Сумар: пошук аптымальных рашэнняў – адна з найважнейшых задач народнага сходу

Напярэдадні VІ Усебеларускага народнага сходу гутарым з дэлегатам – дэпутатам раённага савета дэпутатаў, старшынёй праўлення райспажыўтаварыства Максімам Сумарам.

– Аб важнасці маючага адбыцца ў лютым чарговага Усебеларускага народнага сходу сёння шмат гавораць. На вашу думку, што чакаюць людзі ад гэтага палітычнага форуму?

– Безумоўна, ён займае асаблівае месца ў нашай палітычнай сістэме. Мяркую, гэта адзін з найважнейшых інструментаў рэалізацыі ідэалогіі беларускай дзяржавы і сацыяльнай палітыкі. Мне пашчасціла быць у складзе дэлегацыі ад Лунінецкага раёна на ўсіх сходах, за выключэннем чацвёртага. Найбольш запомніўся першы, дзе абмяркоўвалі мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, іх крытычна аналізавалі і супастаўлялі. У выніку быў зроблены выбар на карысць сацыяльна-арыентаванай рыначнай эканомікі. Зразумела, што з часам адбылося шмат змяненняў як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Час выявіў некаторыя супярэчнасці і праблемы. Пошук аптымальных рашэнняў для іх вырашэння – адна з найважнейшых задач народнага сходу. Не думаю, што гэты форум будзе працягам папярэдніх. Перакананы, што тут прагучыць нямала цікавых выступленняў, карысных ініцыятыў і ідэй. Разам гэта будзе эпахальная падзея ў гісторыі беларускай дзяржавы і грамадства. З аднаго боку, у ходзе форуму трэба падвесці вынікі, вызначыць і прааналізаваць дасягненні, не абмяжоўваючыся часовымі рамкамі мінулай пяцігодкі, а ахапіць больш працяглы перыяд гісторыі нашай краіны. З іншага – выпрацаваць арыенціры на будучыню. Канчатковая мэта Усебеларускага народнага сходу бачыцца ў вызначэнні такога ладу жыцця, які б дазваляў кожнаму грамадзяніну, усім сацыяльным групам выразна ўсведамляць свае перспектывы.

– На вашу думку, якія пытанні агульнадзяржаўнага і рэгіянальнага парадку дня варта абмеркаваць?

– Неабходна значна ўзмацніць ролю і паўнамоцтвы старшыняў сельвыканкамаў, эканамічную самастойнасць мясцовага самакіравання. Кіраўнікам прадпрыемстваў, акрамя адказнасці, трэба даць больш правоў і самастойнасці. У рэгіёнах людзі мараць аб стабільнасці і хочуць спакойна працаваць, атрымліваць добрую зарплату, будаваць жыллё, нараджаць і гадаваць дзяцей. Гэта трэба забяспечыць.

– У шматгалоссі дыскусій на дыялогавых пляцоўках ці вылучылі для сябе найбольш актуальныя прапановы, ініцыятывы, якія змаглі б агучыць з трыбуны маючага адбыцца форуму, калі такая магчымасць будзе прадастаўлена?

– На мой погляд, варта больш пільна паглядзець на традыцыі, узяць з мінулага ўсё лепшае, што ёсць. Нездарма гаворыцца, што новае – гэта добра забытае старое. Вось, напрыклад, кадравая палітыка. Раней на кіруючыя пасады ішлі людзі, які справай даказвалі, што заслужылі гэта месца. Сёння ж, не сакрэт, іншы раз бачым проста “добрага хлопца”, які мае дыплом аб вышэйшай адукацыі… А яшчэ на месцах усім нам трэба ўмацоўваць дысцыпліну і адказнасць. Зразумела ж: каб добра жыць, трэба старанна працаваць. Палітыкай няхай займаюцца палітыкі, а мы павінны выконваць свае абавязкі. Нашаму райспажыўтаварыству няпроста канкурыраваць на рынку, але ў нас створана надзейная база, выпрацаваны ўласныя тактыка і стратэгія, што дазваляюць захоўваць стабільнасць. За мінулы год тэмпы росту крыху знізіліся і склалі 97 працэнтаў, але сёлета мы прыступілі да рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы, якая, спадзяюся, раскрые новыя перспектывы.

Вяртаючыся да тэмы нашай размовы, хачу выказаць спадзяванне ў тым, што гэты сход зробіць яшчэ больш згуртаванымі нашы рады, дасць новыя магчымасці для сумеснай работы на карысць Айчыны.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть