Напярэдадні Дня Перамогі старшыня райвыканкама наведвае ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны
Па добрай традыцыі штогод напярэдадні Дня Перамогі старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко наведвае ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Учора кіраўнік раёна трымаў шлях у бок Бастыні і Велуты. Але, як высветлілася, адзін з нешматлікіх карэнных жыхароў хутара Княжыставічы, што непадалёк ад Велуты, не так даўно пераехаў да дачкі ў Лунінец, таму сустрэча адбылася ва ўтульным доме на вуліцы з прыгожай назвай Рабінавая. У жніўні сёлетняга года Міхаілу Клімчуку споўніцца 95 год. Улічваючы ўзрост, жвавым яго назваць нельга. Аднак на момант нашага прыезду “гаспадарыў” у доме Міхаіл Лаўрэнцьевіч сам. Ветліва сустрэў гасцей, падзякаваў за падарункі і высокую ўзнагароду: разам з гасцінцамі Аляксандр Мікалаевіч уручыў удзельніку Вялікай Айчыннай Ганаровую грамату райвыканкама.
Яшчэ адзін сведка былых баёў 88-гадовы Канстанцін Арабей жыве на хутары Варанёўка каля Бастыні. Краявіды тут вельмі прыгожыя. Драўляная хата стаіць у абрамленні старых дрэў, якія ледзь кранула пяшчотная зеляніна першай лістоты. Яго старасць нельга назваць адзінокай: побач жонка Надзея Аляксандраўна, не пакідаюць без увагі дзеці і ўнукі.
Прыезду нечаканых гасцей Канстанцін Васільевіч абрадаваўся. Удзячна прымаў узнагароду – Ганаровую грамату райвыканкама – і падарункі. У Бастыні да нас далучыўся старшыня сельвыканкама Аляксандр Зылевіч. Ад мясцовай улады ён таксама перадаў удзельніку Вялікай Айчыннай вайны падарунак і кветкі. Трымаючы іх у руках, доўгажыхар папрасіў сфатаграфаваць яго разам з жонкай, што мы ахвотна зрабілі.
З кожным годам іх застаецца ўсё менш – удзельнікаў ці проста сведкаў ваеннага ліхалецця. Наш святы абавязак – аддаць ім даніну шчырай павагі. Няхай лёс будзе да іх літасцівым, падоўжыць зямны век, каб яны яшчэ здолелі палюбавацца золатам мірных вёснаў.