«Нельга браць чужое». Жыхара Лунінецкага раёна асудзілі на 3 месяцы арышту
Новости районаОбщество

«Нельга браць чужое». Жыхара Лунінецкага раёна асудзілі на 3 месяцы арышту

Фразу, вынесеную ў загаловак, часта чуем з дзяцінства. Аднак засвоіць гэта правіла для некаторых так і застаецца непасільнай задачай. І калі хлопчыкаў і дзяўчынак за падобныя дзеянні можна пасварыць, то дарослыя расплачваюцца па-іншаму. Вось і 41-гадовы вясковец з лунінецкага раёна усвядоміў непазбежнасць пакарання толькі тады, калі на яго руках бразнулі наручнікі.

Да гэтага фігурант крымінальнай справы ў поле зроку праваахоўнікаў не трапляў. Мае прафесійна-тэхнічную адукацыю, але афіцыйна не працаўладкаваны. Асабістае жыццё таксама не склалася. Магчыма, не будзь ён у алкагольным ап’яненні, то нічога б супрацьпраўнага не ўчыніў, але ж…

У тую снежаньскую раніцу мужчына вырашыў пранікнуць у дом знаёмага. Як аказалася, ён бываў тут не аднойчы і ў якасці здабычы прыкмеціў лямпавы тэлевізар. Асаблівай цяжкасці ў тым, як трапіць унутр, не ўзнікла: ці то сам гаспадар не зачыніў дзверы на замок, ці то яго нехта ўжо зламаў, але злодзей без праблем апынуўся ў адным з пакояў. Прыхапіўшы з прыбора катушку з медным провадам, агледзеўся і зразумеў, што тут можна шмат чым яшчэ пажывіцца. Праўда, каб не выклікаць падазрэнняў, наведваўся сюды па меры неабходнасці грошай – украдзенае “дабро” ў большасці сваёй здаваў на металалом. Пазней высветліцца, што ён вынес маёмасці на суму амаль 1500 рублёў.

Падчас судовага разбіральніцтва, якое прайшло на выездзе ў Лахвенскім сельвыканкаме, вясковец прызнаў сваю віну. Крадзеж, учынены з пранікненнем у жыллё, кваліфікаваны па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Вердыкт – 3 месяцы арышту. Прама ў зале асуджанага заключылі пад варту. Да таго ж, па месцы адбыцця пакарання яго чакае прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Напрыканцы пасяджэння да прысутных аўтарам гэтых радкоў даведзена інфармацыя аб прававых наступствах злоўжывання спіртнымі напіткамі, растлумачаны парадак і ўмовы накіравання грамадзян у лячэбна-працоўны прафілакторый.

Юрый ПРАКАПЧУК, пракурор Лунінецкага раёна



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть