Нэлі РАФАЛОВІЧ: «Вельмі важна, што зробіць дзяржава для нашых дзяцей…»
Новости районаОбществоРеферендум

Нэлі РАФАЛОВІЧ: «Вельмі важна, што зробіць дзяржава для нашых дзяцей…»

З пазіцыі стабільнай будучыні ацэньвае змены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь Нэлі РАФАЛОВІЧ, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі:

– Ва ўстановах адукацыі Лунінеччыны праходзяць дыялогавыя пляцоўкі, прысвечаныя пытанням змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Радуе, што педагогі актыўна ўключаюцца ў абмеркаванне праекта. Неабходнасць у змене Асноўнага закона наспела, бо наша краіна развіваецца, свет вакол змяняецца, і заканадаўчыя акты павінны ўдасканальвацца.

Большасць настаўнікаў ацэньваюць прапаноўваемыя змены з пазіцыі стабільнай будучыні. Вельмі важна, што зробіць дзяржава для нашых дзяцей, якой будуць адукацыя і ахова здароўя, якія сацыяльныя гарантыі захаваюцца. Добра, што ў Канстытуцыі захоўваецца сацыяльная арыентаванасць палітыкі і эканомікі: замацоўваюцца гарантыі дзяржаўнай падтрымкі для сем’яў з дзецьмі, для асоб з інваліднасцю і пажылых людзей, для дзетак-сірот, стварэнне ўмоў для развіцця кожнага грамадзяніна.

Вельмі важна, каб чалавек у нашай краіне адчуваў сябе абароненым. Аднак прапануецца павысіць і адказнасць за сябе асабіста, за стан свайго здароўя (артыкул 45). І гэта правільна, гэта абавязвае думаць пра здароўе, клапаціцца аб сабе і блізкіх.

Дапаўненні і змяненні знаходзяць водгукі і падтрымку. Асаблівыя эмоцыі выклікаў новы артыкул 15 – аб захаванні гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта дазволіць нам забяспечваць пераемнасць пакаленняў, фарміраваць пачуццё патрыятызму ў моладзі, зберажэ памяць пра подзвіг нашых дзедаў і прадзедаў.

Адзначылі педагогі і новаўвядзенні, якія з’явіліся ў артыкуле 32, дзе прапануецца замацаваць норму аб тым, што шлюб – гэта саюз мужчыны і жанчыны. Будуць захаваны хрысціянскія, нацыянальныя традыцыі на ўзроўні закона, прычым, яны блізкія і зразумелыя нам.

Упэўнена, што члены галіновага прафсаюза, вывучаючы і абмяркоўваючы праект, яшчэ раз пераканаліся ў тым, што змены і дапаўненні ў Канстытуцыю паспрыяюць далейшаму ўмацаванню Беларусі, стабільнаму развіццю краіны. Кожны з нас прыйдзе на рэспубліканскі рэферэндум і прагаласуе за шчаслівую будучыню!

Запісала Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть