Незвычайная матэматыка ў гімназіі Лунінца
Прызнацца шчыра, калі сказалі аб развіваючым камп’ютарным цэнтры ў лунінецкай гімназіі, нават падумаць не мог, што займаюцца ў ім самыя маленькія навучэнцы.
І вось я ў новым корпусе элiтнай навучальнай установы. На трэцім паверсе ў асобным блоку размясціўся камп’ютарны кабінет, а ў ім працуе цэнтр з незвычайнай назвай “ЛОГИКсмайл”. Дарэчы, варта адразу адзначыць, што яго атрымалася адкрыць, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва раёна і бацькоў.
Пакуль настаўніца пачатковых класаў Таццяна Сцяпанаўна Ганчарэнка настройвае тэхніку, знаёмлюся з маленькімі гарэзамi. Кожны iмкнецца нешта сказаць, усе хо-чуць даведацца, як мяне завуць i адкуль я… Раптам звініць званочак. У класе адразу наступае цішыня. Яшчэ хвіліна, і першаклашкі ўжо цягнуць рукі, каб адказаць на пытанні настаў-ніцы.
Заняткі ў камп’ютарным цэнтры накіраваны на высокаматываванае развіццё матэматычных кампетэнцый у школьнікаў. Гэта, калі казаць навуковымі тэрмінамі. Аўтарская праграма складаецца з сямі этапаў, кожны настолькі цікавы і захапляльны, што нават проста назіраючы за хлапчукамі і дзяўчынкамі збоку, міжволі хацелася далучыцца да іх. У кабінеце ёсць неабходнае абсталяванне: камп’ютары з трэнажорамі для адпрацоўкі навыкаў, мульцiборд, наборы лега…
Пасля мазгавой гімнастыкі і размінкі на мульцiбордзе, перша-клашкі адправіліся праходзіць лагічны квэст. Іх падзялілі на тры зоны актыўнасці і кожны пачаў выконваць атрыманыя заданні.
– З камп’ютарамі ўсё зразумела – гэта як тэорыю ў правiлах дарожнага руху здаваць – чым менш «шайбаў», тым лепшы вынік. Задачы, прапанаваныя вучням на паперках, – больш складанага ўзроўню, чым тыя, што прадугледжаны звычайнай праграмай па матэматыцы. Такім чынам, з першага класа пачынаем адказна рыхтаваць дзяцей да алімпіяд. Легатэрапія – свайго роду рэфлексія. Але нават тут кожнае дзіця праз гульню выконвае матэматычныя задачы.
Зараз праграму апрабоўваюць у першым і другiм класах. Праводзячы заняткі, настаўнiкi
адзначаюць для сябе, што варта ўдасканаліць, што выправіць, на чым зрабіць большы акцэнт. Вельмі выдатна, што сучасныя сродкі дазваляюць выкладчыкам аператыўна бачыць вынікі навучэнцаў і больш дэталёва ставіць новыя задачы. Таксама варта сказаць, што развіваючы камп’ютарны цэнтр “ЛОГИКсмайл” – першая прыступка да правядзення заняткаў робататэхнікі ў гімназіі. Над гэтым таксама ўжо задумаліся ў навучальнай установе.
– Таццяна Сцяпанаўна, я закончыў вырашаць прыклады… Паглядзіце, я правільна зрабіла?.. А бачыце, што ў мяне атрымалася!.. – дзецi ажывіліся, значыць, хутка ім трэба будзе памяняцца месцамі.
Настаўніца падышла да кожнага, паглядзела, пахваліла, нешта падказала, і зноў сабрала ўсіх каля мульцiборда. На гэты раз – на фізкультхвілінку. У класе загучала знаёмая ўсім музыка, дзеці сталі рухацца – малышам трэба пераключыцца і крыху адпачыць. Бо літаральна праз хвіліну іх зноў чакаюць новыя вы-прабаванні.
Аляксандр КОЎКА.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram