«Няма дзяцей – няма праблем?» Размова з абавязанымі асобамі, сыны і дачушкі якіх знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні (Лунінецкі раён)
Новости районаОбщество

«Няма дзяцей – няма праблем?» Размова з абавязанымі асобамі, сыны і дачушкі якіх знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні (Лунінецкі раён)

Так называлася тэма сустрэчы з абавязанымі асобамі, сыны і дачушкі якіх знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.

На жаль, у нашым раёне прадстаўнікоў гэтай катэгорыі грамадзян нямала. Знешне яны нічым не выдзяляюцца з натоўпу – фізічна здаровыя, вясёлыя, смелыя і ўпэўненыя ў сабе. Лічаць, што жывуць правільна, не прыслухоўваюцца да меркаванняў іншых. Але маюць агульнае велізарнае адрозненне: яны не любяць дзетак, якім далі жыццё. У чэрствых сэрцах няма цяпла і спачування, іх вочы ніколі не загараюцца агеньчыкамі радасці ад шчаслівых позіркаў на сваіх крывінак, усе спакойна спяць ноччу, не ведаючы, ці здаровыя і накормленыя ў гэты момант іх нашчадкі. 

У такой праблемы адзіная прычына, адзіны вораг – алкаголь. Злоўжыванне спіртнымі напіткамі прыводзіць да дэ-градацыі асобы. Жанчыны, галоўнае прызначэнне якіх клапаціцца пра сваіх малышоў, засцерагаць і абараняць іх, пад уплывам сумніўных кампаній забываюць аб абавязках, знаходзяць задавальненне ў гарэлцы. Мужчыны, задача якіх прыносіць у сям’ю сродкі на вопратку і яду, трацяць грошы на бутэльку, не чуюць галоднага дзіцячага плачу. Пакінутыя хлопчыкі і дзяўчынкі застаюцца адны, сіротамі пры жывых бацьках, для іх салодкія словы “мама” і “тата” губляюць сэнс…

На сустрэчы прадстаўнікі розных зацікаўленых службаў у чарговы раз імкнуліся дастукацца да сумлення і пачуццяў грамадзян, пазбаўленых бацькоўскіх правоў. На мерапрыемстве прысутнічалі: памочнік пракурора Адрыян Бахонка, начальнік аддзела прымусовага выканання Дзмітрый Канапацкі, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Чэраднічэнка, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга Калугіна, старшы інспектар прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Генадзь Скок, старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Святлана Барысевіч, урач псіхіятр-нарколаг УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Алена Качановіч.

Біялагічныя бацькі па заканадаўстве павінны пакрываць расходы, затрачаныя на ўтрыманне іх дзяцей у дзяржаўных установах. Аднак адзінкі выконваюць патрабаванне ў поўнай меры і своечасова. Запазычанасць па плацяжах зараз маюць 118 асоб, 75 з іх – жанчыны. У некаторых даўгі дасягнулі ўнушальных памераў – больш за 30 тысяч рублёў. Для тых, хто працуе без парушэнняў дысцыпліны, выплачваць частку грошай не складана. Справа выглядае інакш, калі гора-работнік мае прагулы ці паяўляецца ў нецвярозым стане на працоўным месцы, за што трапляе ў міліцыю на “суткі”. Тады заробак, адпаведна, зніжаецца, а да першапачатковай сумы пры-плюсоўваюцца штрафы… Агульная запазычанасць абавязаных жыхароў Лунінеччыны на 1 сакавіка 2022 года склала больш як 695 тысяч рублёў.

Удзельнікам сустрэчы растлумачылі, што ёсць простае выйсце, як пазбавіцца ад такіх даўгоў. Дастаткова кінуць піць, старанна працаваць, весці нармальны лад жыцця, каб хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі вярнуцца ў біялагічную сям’ю. У такім выпадку ўсе сумы спішуцца дзяржавай, будзе магчымасць захаваць не толькі грошы, але і стварыць сваім дзеткам утульнасць роднага дома.

Але такая перспектыва не ўзрадавала “татаў” і “мам”. Уразіла, што яны паводзілі сябе спакойна, не саромеліся свайго статусу. Быццам размова датычыла не іх.

– Колькі дзетак у вас адабралі? – пытае супрацоўнік міліцыі ў жанчыны сярэдняга ўзросту.

– Сямёра! – гучыць у адказ, і ўся зала азіраецца, каб убачыць “гераіню”. Вось толькі ганарыцца ёй няма чым: сем сэрцайкаў не адчулі матчынай любові, не ведаюць, што такое дамашняя атмасфера, якую могуць стварыць любячыя бацькі.

Другая абавязаная асоба не справілася з выхаваннем пяцярых малышоў. У трэцяй на запазычанасць ідзе 50 працэнтаў з пенсіі па ўзросце. Чацвёртая пераехала ў іншы раён у спадзяванні пазбавіцца ад выплат, але адпаведны запіс у дакументах не дазваляе жыць у сваё задавальненне – давядзецца і там выплачваць сродкі. Яшчэ на некалькіх “бацькоў” няма ўправы на рабоце – грубасць і дрэннае выкананне абавязкаў прывялі да неабходнасці рыхтаваць накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Ёсць неплацельшчыкі, якія па рашэнню суда трапілі ў месцы пазбаўлення волі.

Горкія ўражанні засталіся ад таго, што падобная праблема ў некаторых выпадках перадаецца ў спадчыну. Адна жыхарка раёна яшчэ выплачвае сродкі на малодшых дзяцей, а яе старэйшага сына таксама ўжо прызналі абавязанай асобай у адносінах да яго малыша. 

Пра непаўналетніх, якія засталіся без бацькоўскай апекі, клапоціцца дзяржава. Яны выхоўваюцца ў сем’ях усынавіцеляў, у прыёмных і апякунскіх сем’ях, у дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Дзеці апранутыя, накормленыя, маюць магчымасць вучыцца. Дзякуючы дабрыні чужых людзей, яны не пазбаўлены вельмі важнага – бязмежнай любові. Ніхто не прытуліць дзяўчынку так мякка і шчыра да грудзей, як мілая матуля, ніхто не ўзніме хлопчыка ў парыве адданасці высока над сабой, як тата. Аднак дарослыя не могуць растлумачыць юным землякам, чаму менавіта іх пакінулі родныя бацькі, хто па законах прыроды павінен любіць больш за ўсё на свеце?

Марыя Яраховіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть